Амерыканскія навукоўцы знайшлі гіганцкага старажытнага кракадзіламорфа, што хадзіў на задніх лапах. Істота, якая атрымала назву «Каралінскі мяснік» (Carnufex carolinensis), была драпежнікам вышэйшага парадку на тэрыторыі цяперашняга штата Паўночная Караліна ў канцы трыясавага перыяду. Аб знаходцы паведамляецца ў часопісе Scientific Reports.

Выява: Jorge Gonzales

Выява: Jorge Gonzales

Скамянелыя рэшткі драпежніка былі знойдзеныя яшчэ дзесяць гадоў таму і ляжалі ў запасніках Музея натуральных навук штата, пакуль на іх не звярнулі ўвагу навукоўцы. Агледзеўшы закамянеласці, палеантолагі зразумелі, што маюць справу з новым відам драпежнікаў. Сканар з высокім разрозненнем дапамог ім пабудаваць трохмерную мадэль чэрапа. Таксама высветлілася, што ў вышыню карнуфекс дасягаў як мінімум 275 сантыметраў. Мяркуючы па даўжыні пярэдніх канечнасцяў, гэты драпежнік, хутчэй за ўсё, перасоўваўся на двух задніх лапах, падобна тыраназаўру рэксу.

Чэрап жывёлы і натхніў навукоўцаў назваць кракадзіламорфа імем, характэрным для фільмаў жахаў. «У яго тонкі, выцягнуты чэрап, дзясяткі вострых як брытва зубоў — усе прыстасаванні, неабходныя для таго, каб зразаць мяса з костак ахвяр», - распавяла вядучая аўтарка даследавання Ліндсі Зэна.

Навукоўцы пакуль не атрымалі непасрэдных сведчанняў (накшталт метак на касцях) палявання карнуфексаў. Хутчэй за ўсё, гіганцкія кракадзіламорфы жэрлі этазаўраў (траваедных архазаўраў) і дзіцынадонтаў (буйных тэраморфаў, далёкіх сваякоў млекакормячых).

Наогул, позні трыяс адрозніваўся багаццем буйных сухапутных драпежнікаў, якія ва ўмовах дэфіцыту траваедных нярэдка палявалі адзін на аднаго, адзначае Зэна. Аднак амаль усе яны вымерлі да пачатку юрскага перыяду, і нішу буйных драпежнікаў хутка занялі дыназаўры-тераподы. Дробныя кракадзілавыя, што выжылі, занялі экалагічныя нішы шакалаў і лісіц, дзе і знаходзіліся да наступнага масавага вымірання, якое вынішчыла ўжо дыназаўраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?