Былы дарадца прэзідэнта ЗША па пытаннях нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі лічыць, што пабудаваць імперыю Расіі перашкаджаюць эканамічныя праблемы і выкліканая імі ўнутраная слабасць, паведамляе «Радыё Свабода».

«Расія цяпер імкнецца да пабудовы імперыі, некаторыя лічаць, што гэта магчыма, нават больш чым магчыма. Але ўнутраная слабасць і эканамічныя праблемы не дазваляюць гэта зрабіць», — заявіў Бжэзінскі у ходзе форуму, арганізаванага нямецкім Фондам Маршала.

Паводле яго слоў, Захаду неабходна знайсці баланс у дыпламатычных адносінах з Масквой.

«Нам трэба знайсці баланс паміж палітыкай, якую мы прапануем Расіі, і ў той жа час пераканаць Расію, што пераход пэўнай лініі занадта дорага ёй будзе каштаваць», — адзначыў ён.

«Праблема заключаецца ў тым, што расейцы могуць ажыццяўляць сваю палітыку ў дачыненні да Украіны такім чынам, што пазбегнуць палітычнай канфрантацыі, але атрымаюць у выніку татальны калапс украінскай эканомікі. Расія пакутуе ад нашых санкцый, але застаецца вялікай сілай, таму дасягае вялікіх зменаў у геапалітычнай сітуацыі», — папярэдзіў Бжэзінскі.

Ён выказаў сур'ёзную занепакоенасць з нагоды гатоўнасці ўзброеных сіл РФ і самой Расіі «да значнай вайны».

Бжэзінскі правёў паралелі паміж сітуацыяй, якая склалася ў цяперашні час у расійскім генералітэце, і сітуацыяй з «генераламі Германіі, якія пасля аншлюсу папярэджвалі Гітлера наконт яго намаганняў у дачыненні да Чэхаславакіі, калі ён уцягне Германію ў вайну, якая яшчэ да гэтага не гатовая, але будзе гатовая праз некалькі гадоў». «І яны мелі рацыю. Сёння сітуацыя аналагічная», — лічыць ён.

У сувязі з гэтым Бжэзінскі выказаў перакананне, што Расіі неабходна дакладна сказаць, што «свядомае выкарыстанне сілы прывядзе да вялікай цаны, якую заплаціць Расія, і што мы гатовыя ажыццявіць для гэтага неабходныя дзеянні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0