Легендарны хакеіст Павел Бурэ даў інтэрв'ю расійскай «Экспрэс-газеце». Паміж іншага, узгадаў і пра Аляксандра Лукашэнку.

— Нядаўна вы гулялі ў хакей у адной тройцы з Уладзімірам Пуціным. Як гэта — выходзіць на лёд з прэзідэнтам Расіі?

— Гэта велізарны гонар. Уладзімір Уладзіміравіч варты захаплення. Пры такім напружаным графіку прэзідэнт паставіў перад сабой мэту — навучыцца гуляць у хакей, трэніраваўся. І я памятаю, што ў траўні мінулага года Пуцін у адной гульні закінуў шэсць шайбаў! Гэта было ў Сочы, у гала-матчы Начной хакейнай лігі, скарочана - НХЛ.

— Гэта што за ліга?

— У ёй пасля працы гуляюць хакеісты-аматары. Калі я быў маленькім, дзядзечкі з нашага двара збіраліся ў чыім-небудзь гаражы і пілі гарэлку. А зараз у хакей гуляюць.

Я выступаў у адной тройцы і з іншым прэзідэнтам — Аляксандрам Лукашэнкам. Ён таксама любіць хакей. Аднойчы, калі Аляксандр Рыгоравіч знаходзіўся з афіцыйным візітам у Маскве, ён папярэдзіў, што пасля сустрэчы з Ельцыным хоча заехаць да мяне. Гляджу, з раніцы ў нашым раёне эвакуіравалі ўсе машыны, якія прыпаркаваліся ўздоўж дарог.

Лукашэнка падняўся на чацвёрты паверх пешшу, хоць яго ахова перад гэтым заходзіла ў ліфт і ўсё там праверыла. Тады я жыў у іншай кватэры — плошчай 100 квадратных метраў. Мне яна здавалася прасторнай, але Лукашэнка скептычна яе агледзеў і сказаў: «І ты тут жывеш?! Не шануе цябе Барыс Мікалаевіч. Я б табе ў Мінску дом падарыў».

— Вы былі ў рэзідэнцыі Лукашэнкі?

- Так. Гасцяваў на яго запрашэнне. Аляксандр Рыгоравіч прапанаваў раніцай выйсці на лыжню — прабегчы навыперадкі 10 кіламетраў. Я тады за акіянам у НХЛ гуляў, быў у поўным парадку, не сумняваўся, што выйграю. Я бег па-старому, класічным стылем, і праз чатыры кіламетры сышоў з дыстанцыі. Рукі анямелі. А Лукашэнка асвоіў каньковы ход і лёгка даехаў да фінішу. Добра, мы не паспрачаліся перад стартам.

* * *

Павел Бурэ нарадзіўся ў Мінску ў 1971 годзе, яго маці беларуска.

Ён быў адным з самых папулярных і паспяховых хакеістаў ў 1990-ыя, атрымаў мянушку «Руская ракета». У сезонах 1993/1994, 1999/2000 і 2000/2001 станавіўся найлепшым снайперам чэмпіянатаў НХЛ.

Агулам у наймацнейшай хакейнай лізе свету ён правеў 766 гульняў, у якіх набраў 849 ачкоў (472 шайбы + 377 перадач) — у сярэднім больш чым ачко за гульню!

У 34 гады Бурэ быў вымушаны скончыць кар’еру праз хранічную траўму калена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?