З улікам інтэнсіўнасці патоку нелегальных цыгарэт з Беларусі Служба дзяржаўных даходаў (СДД) Латвіі падтрымлівае ўзмацненне літоўскімі калегамі кантролю на межах з Латвіяй і Польшчай, бо нелегальныя цыгарэты беларускага паходжання ў апошнія гады сталі праблемай усяго ЕС.

Каментуючы інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ, аб тым, што літоўская мытня ўзмацняе кантроль на латвійскай мяжы з-за патоку нелегальных цыгарэт, СДД адзначае, што паводле даследавання Nilsen Company аб абароце цыгарэт у Латвіі 69% агульнага спажывання нелегальных цыгарэт у краіне складаюць менавіта беларускія цыгарэты.

Своечасова рэагуючы на гэтую тэндэнцыю, Латвія яшчэ некалькі гадоў таму ўзмацніла меры па кантролі на латвійска-беларускай мяжы. У выніку Латвія ўвайшла ў лік пяці краін, дзе за апошнія васямнаццаць месяцаў назіраецца стабільнае зніжэнне незаконнага спажывання цыгарэт на 1,8%.

Раней аўдытарская кампанія KPMG заявіла, што ў перыяд з 2009 па 2013 маштаб распаўсюджвання нелегальных беларускіх цыгарэт узрос з трох да адзінаццаці краін. Распаўсюджванне нелегальных беларускіх цыгарэт у Еўропе ў такім шырокім маштабе кажа пра тое, што іх ужо нельга разглядаць як праблему асобных краін.

На латвійскай мяжы ў 2014 годзе было канфіскавана 73 млн цыгарэт, і большасць былі з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх спрабавалі завезці ў Латвію па чыгунцы, на грузавых і легкавых аўтамабілях, пераправіць праз «зялёную» мяжу і на плытах праз Дзвіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?