Заведзена крымінальная справа на былога дырэктара выдавецтва Беларускага экзархата Уладзіміра Грозава. Фігурант – постаць асаблівая. Ён прыйшоў у царкву з сілавых структур і 16 гадоў кіраваў выдавецтвам экзархата.

«Былы 55-гадовы кіраўнік, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, арганізаваў крадзеж грашовых сродкаў у падначаленага выдавецтва. Ён наўмысна аддаваў незаконныя распараджэнні падначаленым работнікам аб штомесячным знішчэнні дакументаў пярвічнага ўліку таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і грашовых сродкаў, а таксама незаконна забіраў з касы прадпрыемства наяўныя грашовыя сродкі. Далей грошы фігурант выкарыстаў для набыцця за мяжой грузавога і легкавога аўтатранспарту», — паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Размова ідзе пра 14 адзінак тэхнікі на агульную суму большую за $150 тысяч. Па версіі следства, аўтамабілі афармляліся на Грозава або яго сваякоў.

Паўнамоцтвы Уладзіміра Грозава ў выдавецтве былі прыпынены яшчэ ў кастрычніку 2014 года. Мітрапаліт Павел публічна паведаміў, што Сінадальная рэвізійная камісія Беларускага экзархата «прызнала дзейнасць Грозава нездавальняючай». Грозава не вызвалілі з падзякай, а ганебна звольнілі.

Расследаванне крымінальнай справы, заведзенай Генеральнай пракуратурай, працягваецца.

«Наша Ніва» звязалася з Уладзімірам Грозавым.

«У сувязі з тым, што ў мяне была забраная справа, у якую я цягам 16 гадоў укладаў усе свае сілы, сродкі і душу, працуючы на карысць праваслаўнай асветы, здароўе маё рэзка пагоршала. Цяпер займаюся яго аднаўленнем», — паведаміў «Нашай Ніве» ён.

«НН»: Вы не прызнаеце сваёй віны?

УГ: Катэгарычна не.

«НН»: Каму і для чаго трэба Вас абгаворваць?

УГ: На жаль, ва ўсіх публічных асоб ёсць нядобразычліўцы і зайздроснікі.

«НН»: Міліцыя назвала суму ў $150 тысяч і 14 машын, якія на гэтыя грошы былі куплены за мяжой. Адкуль узніклі такая сума і гэтая тэхніка?

УГ: Сумы крадзяжу, агучаныя ў СМІ, і з’яўляюцца вынікам беспадстаўных абвінавачванняў з боку чыноўнікаў Епархіі БПЦ, якія праследуюць свае карыслівыя мэты.

«НН»: Як даўно вядзецца расследаванне?

УГ: Прыкладна з кастрычніка праводзіцца праверка па ініцыятыве БПЦ.

«НН»: Праўда, што мітрапаліт Павел публічна паабяцаў Вас пасадзіць?

УГ: Так. Але я шчыра спадзяюся, што гэта не асабістая ініцыятыва першай асобы БПЦ, а вынік нахабных паклёпаў нядобразычліўцаў Епархіі ды іншых асоб, якія намагаюцца атрымаць татальны кантроль над дзейнасцю па духоўнай асвеце, якая рэалізуецца мной па сродках грамадскіх арганізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?