Пятро Парашэнка падпісаў указ аб адстаўцы Ігара Каламойскага з пасады кіраўніка Днепрапятроўскай вобласці. Гэтае паведамленне на сайце прэзідэнта Украіны з'явілася каля 4-й ранку. Паводле паведамлення, дакумент Парашэнка падпісаў падчас асабістай сустрэчы з Каламойскім, які сам папрасіў аб звальненні.

«Мы павінны забяспечыць мір, стабільнасць і спакой. Днепрапятроўшчына павінна заставацца бастыёнам Украіны на Усходзе, абараняць мір і спакой грамадзян», — цытуе Пятра Парашэнку яго прэс-служба.

В.а. кіраўніка Днепрапятроўскай вобласці будзе прызначаны Валянцін Рэзнічэнка, які з лютага займае пасаду кіраўніка Запарожскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Раней ён працаваў у карпарацыі цяперашняга кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Барыса Ложкіна.

Каламойскі — украінскі алігарх, які ўзначаліў Днепрапятроўск у складаныя дні расійскай агрэсіі і здолеў задушыць мясцовы сепаратысцкі рух. Аднак Каламойскі спрабаваў захаваць кантроль над важным для Украіны прадпрыемствам «Укрнафта». На мінулым тыдні алігарху была абвешчана вымова за абразу журналіста з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі.

Грамадзянская супольнасць Украіны патрабуе змяншэння ўплыву алігархаў і вяртання незаконна здабытай імі маёмасці пад кантроль дзяржавы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?