Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) працягвае патрабаваць спагнаць з мінскага рэпетытара Аляксандра Васілеўскага штраф за парушэнне аўтарскіх правоў — публікацыю ў інтэрнэце рашэння задач рэпетыцыйнага тэставання. 

Васілеўскі некалькі гадоў аказвае паслугі рэпетытара па фізіцы і матэматыцы. Апрача асноўнай падрыхтоўкі сваіх вучняў ён таксама выкладвае ў інтэрнэт рашэнні задач, рэкамендацыі, як правільна праходзіць тэставанне. 

РІКВ, які праводзіць тэставанне, не задавальняе, што ў інтэрнэце з'яўляюцца прыклады задач з тэста і іх рашэнне.

Прадстаўнікі інстытута патрабуюць аштрафаваць мінскага рэпетытара на падставе арт. 9.21 КоАП (незаконнае распаўсюджванне або іншае незаконнае выкарыстанне аб'ектаў аўтарскага права). 

«Ён робіць гэта з карыслівай мэты — у якасці рэкламы, каб прыцягнуць новых кліентаў», — сцвярджаў прадстаўнік істца 4 сакавіка на слуханнях у судзе Фрунзенскага раёна Мінска. 

Васілеўскі свае дзеянні тлумачыць тым, што хоча дапамагчы абітурыентам лепш падрыхтавацца да тэставання, і грошай за гэта не бярэ.

Апрача таго, рэпетытар настойвае, што рашэнне задачы не з'яўляецца вытворным творам, як мяркуе РІКВ. «Рашыць задачу можа любы настаўнік, тут няма ўнікальных метадаў і творчага падыходу», — заявіў адказчык на першым судовым пасяджэнні. 

Тады суд у асобе суддзі Мікалая Ліпневіча заняў пазіцыю Васілеўскага, не ўгледзеўшы ў яго дзеяннях парушэння закону, а прадстаўнікі РІКВ заявілі, што будуць падаваць касацыйную скаргу. 

Пра тое, што РІКВ апратэставаў рашэнне суда, Васілеўскі паведаміў 24 сакавіка на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?