Аб’явы і навіны на сайтах мінскіх школаў сталі пісаць па-беларуску. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода» са спасылкай на настаўнікаў. Таксама зараз усю інфармацыю на стэндах у школе будуць дубляваць на дзвюх мовах. Са словаў настаўнікаў, такая рэкамендацыя было ў вуснай форме выказана на адной з педагагічных нарадаў.

«Свабода» налічыла прынамсі шэсць школ, дзе ўжо больш як тыдзень навіны школы публікуюцца пераважна на беларускай мове. Іншыя раздзелы, як і навіны Мінадукацыі і Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, як і раней, публікуюцца па-руску. У беларускамоўных гімназіях на беларускай мове — увесь сайт.

«Так, сапраўды, вось ужо больш як тыдзень навіны школы мы даём па-беларуску, — пацвердзілі ў адной са школ. — А чаму? Мы ж жывём у Беларусі, у нас двухмоўе. Цяпер мы ізноў вяртаемся да вытокаў».

Ва ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна не пацвердзілі інфармацыі пра беларусізацыю сайтаў школ зверху. Яны кажуць, што гэтыя рашэнні прымаюць самі настаўнікі.

«У нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская», — сказала начальніца ўпраўлення Ірына Чарняўская. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?