Капітан зборнай Украіны па футболе Анатоль Цімашчук разам з партнёрамі па камандзе напярэдадні адборачнага матча супраць Іспаніі наведаў у Кіеве шпіталь з параненымі ўкраінскімі вайскоўцамі. З адным з іх Цімашчук нават зрабіў сэлфі.

«Яны – героі. Вядома, са свайго боку мы падтрымліваем іх як можам. Вайна – гэта гора для краіны, для кожнай сям’і. Кожны з нас зацікаўлены ў тым, каб вайны не было. Веру, што наш прыход сюды можа даць магчымасць ім хутчэй паправіцца, выйсці з гэтага стану і атрымліваць асалоду ад жыцця», — сказаў Цімашчук па выхадзе з вайсковага шпіталя.

Варта адзначыць, што на сённяшні дзень Анатоль Цімашчук з’яўляецца футбалістам піцерскага «Зеніта». У Расіі адразу пачаліся нападкі на футбаліста, які падтрымаў «бандэраўцаў».

«За падтрымку бандфарміраванняў, забойцаў, рабаўнікоў забараніць Цімашчуку ўезд на тэрыторыю Расіі, а таксама накласці абавязак на «Зеніт» скасаваць з ім кантракт», - гэта адна з самых цэнзурных прапановаў, што з’яўляюцца ў сацыяльных сетках.

Скандальнае пракрамлёўскае інтэрнэт-выданне lifenews.ru адразу зрабіла ўпор на тым, што ў Расіі Цімашчук атрымлівае каля трох мільёнаў еўра. Маўляў, такі вялікі заробак і такая няўдзячнасць.

Зрэшты, не ўсе ў Расіі асудзілі Цімашчука за такі крок. Вядомы расійскі каментатар Аляксей Андронаў напісаў у твітары: «Рэспект, дружышча!»

Самы вядомы заўзятар піцерскага «Зеніта», спявак і акцёр Міхаіл Баярскі сказаў: «Цімашчука трэба разглядаць як футбаліста. Ён можа стасавацца з кім заўгодна: з прастытуткамі, з журналістамі, з касманаўтамі, з анквалангістамі. З кім заўгодна. З людзьмі любой арыентацыі. Гэта яго асабістая справа. Судзіць яго можна толькі за гульню на полі».

Анатоль Цімашчук – дасведчаны футбаліст. Яму 35 гадоў, родам з Луцка. Вядомасць заслужыў пасля пераходу ў данецкі «Шахцёр», у складзе якога правёў амаль 10 гадоў. Цімашчук пагуляў за гранда еўрапейскага футбола мюнхенскую «Баварыю». А цяпер выступае за «Зеніт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?