За хвіліну хады ад плошчы Лукішкі, на другім паверсе дома па адрасе Ясінскага, 1 размясцілася ўтульная «кашачая» кавярня. Яна адкрылася паўгода таму, але ўжо добра знаёмая турыстам.

Кавярня пазнаецца здалёк па малюнках на сценах і вокнах. Стваральнікі кавярні кажуць, што тыя малюнкі, як і амаль усё аздабленне памяшкання, рабілі сваімі сіламі.

У Cat Cafe пахне зусім не так, як у кватэры стэрэатыпнай «cat lady». На лесвіцы ў кавярні хіба злёгку пахне хлоркай — падлогі тут мыюць штодзень, раз на тыдзень праводзяць вялікую дэзінфекцыю.

Як кажуць стваральнікі, віленскае Cat Cafe другое ў Еўропе па колькасці пухнатага насельніцтва.

У кавярні наведніка сустрэнуць 12 катоў. Ці не сустрэнуць. Каты — жывёлы вольныя, іх не прымусіш забаўляць наведніка. Да людзей каты ставяцца спакойна, без боязі, на стол наведнікам не заскокваюць.

Усе жывёлы трапляюць у Cat Cafe з прытулкаў, адбіраюцца самыя міралюбівыя і непужлівыя. Канфліктных сітуацый між людзьмі і катамі за час існавання кавярні не здаралася.

У хуткім часе да тузіна хвастатага персаналу далучыцца трынаццаты кот, цяпер ён адаптуецца да жыцця сярод мноства дву- і чацвераногіх.

Cat Cafe заснавалі (злева направа на фота) Ромас Жвірбліс, Таўтвідас Біцінас, Ягор Рашчынскі і Аляксей Рудзько. Апошнія два — беларусы.

Ідэю хлопцы падгледзелі ў Будапешце, куды «кашэчыя кавярні» трапілі з Японіі. Жорсткія нормы абмяжоўваюць магчымасць для японскіх гараджан трымаць катоў у сваіх дамах, таму дозу адносінаў з жывёламі даводзіцца здабываць у адмысловых установах.

Заснавальнікі віленскага Cat Cafe трапілі якраз у «пік катоў» — падобныя кавярні ў хуткім часе адкрыліся ў Фінляндыі, Эстоніі і Латвіі.

«Былі зберажэнні, былі праца, мары», — тлумачыць Аляксей. Была ідэя адкрыць кавярню ў Мінску. Ды ў Беларусі проста не было (і няма) заканадаўства, што рэгулявала бы ўтрыманне жывёл у кавярнях.

З законамі дапамог мэр Вільні, з фінансаваннем — фонды падтрымкі бізнесу.

У Беларусі, напрыклад, няма закона, які дазваляе ці забараняе трымаць жывёл у кавярні. У Вільні, прынамсі, быў закон, які такое забараняў.

«Ужо прасцей», — тлумачыць Ягор. Хлопцы звярнуліся наўпрост да мэра Вільні, асабістая сустрэча была прызначаная ўжо праз тры дні. Змены ў заканадаўстве былі неўзабаве прынятыя, былі дакладна прапісаныя санітарныя нормы.

На адкрыццё кавярні хлопцы ўзялі адмысловы крэдыт у інвестыцыйнай кампаніі Invega. Пры падачы надзейнага бізнес-плана кампанія пакрывае адсоткі па крэдыце, фактычна ператварае яго ў растэрміноўку.

«Але мы не бізнесоўцы, з першага разу нам адмовілі», — смяецца Аляксей. Разам з эканамістам прыйшлося перапісваць бізнес-план, уключаць у яго хіба цэны на кожны відэлец. Але грошы на адкрыццё (якія практычна цалкам сышлі на рамонт) былі атрыманыя. З іншай праграмы падтрымкі бізнесу нават былі кампенсаваныя зарплаты некаторым супрацоўнікаў на першы год працы.

Праблемы былі з памяшканнем. Арэндадаўцы глядзелі на тых, хто хоча прынесці жывёл у іх памяшканні, як на «трошкі crazy».

Хваляваліся не толькі з-за магчымай антысанітарыі ці скаргаў суседзяў — некаторыя нават думалі, што каты папсуюць бетонныя сцены.

Памяшканне знайшлося толькі на другім паверсе, але ў тым заснавальнікі нават бачаць плюс. «Гэта як паддашша, а каты любяць забірацца павышэй», — кажа Ягор.

Зараз адзінае, праз што сумуюць уладальнікі Cat Cafe — нізкія заробкі супрацоўнікаў. Хацелася бы плаціць больш, прызнаюць яны. Ды ў Вільні высокая канкурэнцыя.

Цэннікі трэба трымаць такім чынам, каб за візіт чалавек пакідаў у кавярні ў сярэднім 3-4 еўра (максімум 3 еўра ў горадзе каштуе комплексны абед). Як кажуць уладальнікі кавярні, цэны ў іх вышэй на 5% за папулярную сетку Čili Pizza.

Плату за адзін толькі ўваход (як у музей) яны браць не хочуць — ды і не могуць гарантаваць, што каты будуць забаўляць наведніка, а не спаць у цёмных закутках. Да канкурэнцыі і цэн дадаюцца выдаткі на саміх катоў — корм, ветэрынары, прышчэпкі, уборка і дэзінфекцыя.

У Мінску за наведнікаў так не змагаюцца, кажуць уладальнікі Cat Cafe. «Банальная тэма Беларусі — сэрвіс, яго проста няма», — кажа Аляксей. Беларусы ўспрымаюць рэстаранны бізнес як «проста прадаць ежу».

Многія ў Беларусі прагнуць зарабіць шмат за кароткі час. Але натыкаюцца на замкнёнае кола: высокія цэны праз дарагую арэнду і іншыя выдаткі — мала рэгулярных наведнікаў — яшчэ вышэйшыя цэны.

Аляксей кажа, што хацеў бы весці бізнес у Мінску, але не можа. Прычыны таго — не толькі цэны. «Беларусь непрадказальная ў плане заканадаўства, — узгадвае ён закрыцці прадпрыемстваў Мінгандлем. — А з катамі нельга так вось адразу закрыцца. Не на вуліцу ж іх выкідаць!».

«Прасцей адкрыцца не ў Мінску, а хоць у Швецыі — там стабільнасць», кажа ён.

Але цікаўнасць да ідэі кацінай кавярні ў Беларусі ёсць — стваральнікам віленскага Cat Cafe пісалі і з Мінску, і з Гродна. Па кансультацыі таксама звярталіся масквічы — каціная кавярня хутка з’явіцца і ў сталіцы Расіі.

У самой жа Вільні цікаўнасць да Cat Cafe дастаткова высокая — асабліва з улікам таго, што рэкламны бюджэт кавярні дазваляе хіба трохі «піярыцца» ў Facebook.

Але да самой кавярні з’яўляюцца рэкламныя прапановы — напрыклад, неўзабаве пухнатыя супрацоўнікі Cat Cafe стануць рэкламным тварам робатаў-пыласосаў.

«Ідзе ўсё паціху, працуем», — кажа з задаволенай усмешкай Аляксей.

У планах Cat Cafe — новыя стравы ў меню, бясплатныя сустрэчы з ветэрынарам, ранішняя ёга з катамі і людзьмі-інструктарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?