Звароты 32 беларускіх жанчын да Уладзіміра Пуціна з просьбай садзейнічаць у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам з Крамля накіроўваюць у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі. Пра гэта паведаміла БелаПАН адна з прасіцелек, бабруйчанка Любоў Санкевіч.

Нагадаем, што з 12 па 14 студзеня жанчыны (сваячкі асуджаных, а таксама нязгодныя з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах) з Мінска, Бабруйска (Магілёўская вобласць), Барысава, Жодзіна, Маладзечна і Салігорска (Мінская вобласць), Гродна і Ліды (Гродзенская вобласць), Мазыра (Гомельская вобласць), Пастаў (Віцебская вобласць) і Пружан (Брэсцкая вобласць) накіравалі сем калектыўных тэлеграм Уладзіміру Пуціну па пытанні арганізацыі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. На працягу некалькіх гадоў жанчыны спрабавалі дабіцца сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, бо лічаць незаконнымі рашэнні, раней прынятыя па справах іх блізкіх, а на свае канкрэтныя пытанні атрымліваюць адпіскі ад службовых асоб суда і Генеральнай пракуратуры. 9 студзеня 2008 года жанчыны зноў звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай аб асабістым прыёме ў А.Лукашэнкі, аднак 11 студзеня атрымалі адмову, пасля чаго накіравалі тэлеграмы прэзідэнту Расіі, у якіх спадзяваліся «на яго вялікія магчымасці і ўплыў на кіраўніка беларускай дзяржавы».

Як зазначыла Л.Санкевіч, на тры тэлеграмы з Упраўлення прэзідэнта Расіі па працы са зваротамі грамадзян паступілі адказы, у якіх гаворыцца, што просьбы беларускіх жанчын «накіраваны на разгляд па кампетэнцыі ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Падобныя адказы атрымалі мінчанкі Людміла Кучура і Людміла Самусенка.

Бухгалтар па разліку сабекошту прадукцыі Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў Л.Санкевіч у сакавіку 2001 года была звольненая «за сістэматычнае невыкананне ўказанняў кіраўніцтва». Паводле яе слоў, прычынай звальнення з\’яўляецца яе нязгода з кіраўніцтвам прадпрыемства ў ацэнцы афіцыйнага сабекошту прадукцыі, які, як яна лічыць, у два разы вышэйшы рэальнага.

У інтэрв’ю БелаПАН юрыст Тамара Сяргей зазначыла, што, на думку жанчын, менавіта чыноўнікі Адміністрацыі прэзідэнта перашкаджаюць сустрэчы з А.Лукашэнкам. «А цяпер жанчыны спадзяюцца, што іх звароты да Уладзіміра Пуціна, пераадрасаваныя ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, дойдуць па прызначэнні, і Аляксандр Лукашэнка пачуе аб просьбе беларускіх грамадзян і сустрэнецца з імі», — сказала юрыст.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0