Такое меркаванне выказаў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, каментуючы падрыхтоўку да выбарчай кампаніі.Паводле яго слоў, улада сёння надае асаблівую ўвагу рабоце з насельніцтвам. «Актывізаваліся органы прадстаўнічай улады ў плане прыёму грамадзян, вывучэння і задавальнення іх патрэб. Гэта сведчыць пра тое, што ўлада стараецца падысці да выбараў з мінімальным наборам усялякіх нявырашаных праблем», — адзначыў Лазавік. 

«І гэта правільна, — падкрэсліў ён. — Бо, калі сёння не займацца вырашэннем пытанняў грамадзян, якія яны ставяць, можа сабрацца крытычная маса, і яна выкліча незадавальненне. Таму трэба паступова працаваць, вывучаць меркаванне людзей, старацца задаволіць іх патрэбы». 

Паводле слоў сакратара ЦВК, такія грамадскія арганізацыі, як «Белая Русь» і «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «дастаткова актыўна займаюцца падрыхтоўкай да выбараў, працуюць са сваім актывам, праводзяць інструктыўныя нарады». 

«Што да апазіцыйных арганізацый і партый, то, магчыма, яны штосьці і робяць, але інфармацыя пра гэта да нас не даходзіць», — дадаў сакратар ЦВК. 

Пры гэтым Лазавіку вядома, што ў апазіцыі «вялікія рознагалоссі па кандыдатуры адзінага, па якой ніяк не могуць дамовіцца». «Гэта сведчыць пра раз'яднанасць апазіцыйных сіл. Нам хацелася б, каб і прадстаўнікі апазіцыі больш актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў», — заявіў сакратар ЦВК. 

«Выбары для выбаршчыкаў тады робяцца цікавымі, калі агучваюцца розныя пункты гледжання, калі ў іх удзельнічаюць розныя палітычныя сілы. Калі напал перадвыбарнай барацьбы будзе больш высокі, значыць, можна разлічваць і на больш актыўны ўдзел выбаршчыкаў», — адзначыў Лазавік. 

Цяпер, паводле яго слоў, ЦВК і яе апарат рыхтуюць усе неабходныя да выбараў дакументы: метадычныя рэкамендацыі для ўчастковых і тэрытарыяльных камісій, сцэнарыі трэнінгаў членаў выбарчых камісій, памяткі для кандыдатаў у прэзідэнты. Калі парламент прыме рашэнне аб прызначэнні даты выбараў, асноўная маса дакументаў будзе ўжо падрыхтаваная, паведаміў Лазавік. 

«Для ЦВК, як арганізатараў выбараў, вельмі адчуваецца набліжэнне выбарчай кампаніі. Мы ведаем, што восенню павінны адбыцца выбары, і да гэтага часу ў нас усё павінна быць гатова. Калі мы штосьці новае задумалі ўкараніць, у прыватнасці стварыць умовы для галасавання на ўчастках інвалідам па зроку, то сёння неабходна падрыхтаваць тэхналогію яго правядзення, падрыхтаваць неабходныя матэрыялы і дакументы. Кожны дзень мы жывем падрыхтоўкай да выбараў», — падкрэсліў сакратар ЦВК. 

Нагадаем, у якасці найбольш верагоднай даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў называлася 15 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?