Фота AP.
У нядзелю ў Новасібірску прайшло так званае «малітоўнае стаянне» супраць оперы Вагнера «Тангейзера», на якое сабраліся больш за тысячу чалавек.
Удзельнікі акцыі патрабавалі адстаўкі дырэктара Новасібірскага тэатра оперы і балета Барыса Мездрыча.
Увечары стала вядома пра звальненне Мездрыча.
Расійскія інфармацыйныя агенцтвы спасылаюцца на адпаведны загад, падпісаны міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім.
Новым дырэктарам Новасібірскага тэатра оперы і балета прызначаны цяперашні дырэктар санкт-пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра Уладзімір Кехман, вядомы мецэнат, які раней быў узнагароджаны некалькімі ордэнамі Рускай праваслаўнай царквы, у тым ліку ордэнам Сергія Раданежскага і ордэнам Серафіма Сароўскага.
Дзеянне оперы Рыхарда Вагнера «Тангейзер» ў пастаноўцы маладога рэжысёра Цімафея Кулябіна было перанесенае ў сучаснасць: галоўны герой паўстаў у вобразе рэжысёра, які зняў фільм пра невядомае, грахоўнае жыццё Ісуса Хрыста.
Напрыканцы лютага пастаноўка «Тангейзера» у Новасібірскам тэатры оперы і балета стала прадметам суда.
Праўда, адміністрацыйная справа супраць дырэктара Барыса Мездрыча і рэжысёра Цімафея Кулябіна была спыненая, аднак у спектакль былі ўнесеныя некаторыя змены. Так, плакат да фільма кінарэжысёра Генрыха Тангейзера «Венерын грот», дзе паміж ног аголенай жанчыны намаляваны укрыжаваны мужчына, завесілі белай тканінай.