На пачатку Імшы арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч перад будынкам архікатэдры асвяцілі вербачкі прысутных вернікаў. Па традыцыі іерархі прайшліся ў працэсіі, якую завяршаў вослік, побач з якім ішлі пераапранутыя ў біблейскіх асобаў акторы.

У гэтыя святочныя дні, пачынаючы ўжо з Пальмовай нядзелі, у святынях назіраецца павелічэнне колькасці вернікаў, якія распачынаюць падрыхтоўку да Пасхальнага Трыдууму.

catholic.by

catholic.by

У гаміліі Апостальскі Нунцый разважаў над тэмай здрады чалавеку і Богу, якая з'яўляецца вельмі драматычным момантам, што існуе ў чалавечым жыцці.

«Разважаючы над Укрыжаваннем Хрыста, мы узгадваем пра мукі, укрыжаванне, гроб, смерць, але ёсць яшчэ адзін момант у гэтай гісторыі, які робіць яго найбольш драматычным — гэта здрада», — сказаў іерарх.

«Падчас Мукі Хрыста на Яго плююць, Яго б'юць, апранаюць адзенне несапраўднага караля, з Яго смяюцца і заклікаюць сысці з крыжа…, але і сярод усяго гэтага ёсць яшчэ больш драматычны момант — Яму здраджваюць самыя блізкія»,

— дадаў іерарх, прыгадаўшы здрадлівы пацалунак Юды і тройчы адрачэнне Пятра, які зусім нядаўна абяцаў быць верным да канца.

«Смерць Бога адбылася раней чым Яго укрыжаванне,— адзначыў арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, — бо смерць прыходзіць тады, калі адбываецца здрада, непрыняцце Хрыста».

Арцыбіскуп адзначыў, што чалавек баіцца найбольш не фізічнай смерці, але здрады найбліжэйшых людзей.

«Чалавечае сэрца не можа вытрываць, калі яно не можа нікому даверыцца, калі вакол знаходзяцца тыя, якія могуць быць патэнцыйнымі здраднікамі, Юдамі. І калі здараецца, што найбольш блізкі чалавек здраджвае, то ў чалавека застаецца разбітае сэрца. Гэта ж і ёсць смерць»,

— сказаў іерарх, дадаўшы, што не магла быць смерць больш жорсткай для Хрыста, чым тая, калі Ён паміраў сярод тых, хто Яму здрадзіў.

Арцыбіскуп прыгадаў, што чалавек і зараз працягвае здраджваць Хрысту, які праз гэту здраду памірае ў жыцці чалавека. Іерарх адзначыў, што мы ўсе з'яўляемся патэнцыйнымі Юдамі.

«Колькі разоў мы здраджваем Хрысту дзеля грошай, выгоды, у тым ліку палітычнай выгоды? Колькі разоў мы з'яўляемся патэнцыйнымі Юдамі?» — былі пытанні Апостальскага Нунцыя.

«Няма большай абразы, чым здрада, — заўважыў іерарх, пажадаўшы, каб «Бог даў нам такое сумленне, каб мы ніколi не былі здольнымі прадацца. І каб усведамлялі, што з'яўляемся грэшнікамі, якія ўмеюць прасіць аб Божай міласэрнасці».

«Здрадзіць свайму брату і смяяцца з Бога — гэта штосьці, з чаго мы не можам прасіць прабачэння, бо часам не разумеем, што гэта грэх. Таму дай Божа, каб мы сталі свабоднымі і маглі зразумець да канца, што значыць быць грэшнікамі і здраднікамі», — такімі словамі завяршыў гамілію арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Напрыканцы Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім, хто прыняў удзел у арганізацыі гэтай урачыстасці ў катэдры, а таксама ўсім вернікам, якія запаўнялі святыню сваёй малітваю.

«Я таксама ўражаны шматлікасцю вернікаў, — адзначыў Апостальскі Нунцый перад бласлаўленнем, дадаўшы: — Дзеля вас мы, святары, гатовыя аддаваць сваё жыццё, ахвяраваць яго для ўсяго народа і вашай Бацькаўшчыны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?