Незалежная група навукоўцаў Science for the Masses апублікавала ў адкрытым доступе артыкул з апісаннем эксперыменту па часовым наданні чалавеку начнога зроку.

У вочны яблык чалавека ўводзіцца асаблівая вадкасць пад назвай CE6, што на гадзіну дае здольнасць бачыць у вельмі слабым асвятленні.

CE6 альбо «хларын E6» раней быў знойдзены ў вадкасці вачэй глыбокаводных рыб, што маюць здольнасць бачыць у амаль поўнай цемры. Вадкасць на яго аснове ўжо выкарыстоўваецца пры лекаванні раку і лічыцца бяспечнай для чалавека.

Паддоследны па імені Габрыэль Лісіна прадэманстраваў эфект «ін’екцыі начнога зроку». Навукоўцы ўвялі яму вадкасць трыма дозамі па 50 мкл у кан’юктывальныя мяшкі, адкуль яна трапіла на сятчатку і размеркавалася чорным колерам па яе паверхні. Затым яго вочы абаранілі ад лішняга святла кантактнымі лінзамі.

У выніку «аперацыі» Лісіна цягам гадзіны добра бачыў і распазнаваў выявы на адлегласці спачатку да 10 метраў, потым і да 50 метраў пры вельмі слабым зроку.

Начны зрок Лісіны параўналі з кантрольнай групай, што не атрымлівала ін’екцыю. Там, дзе кантрольная група са звычайным зрокам магла ў паўзмроку распазнаць толькі 33% сімвалаў, Лісіна распазнаваў 100%. Паддоследны распазнаваў выявы на каляровым фоне, у тым ліку ў руху.

Цягам 20 дзён пасля эксперыментаў у Лісіны не назіралася пабочных эфектаў «ін’екцыі начнога зроку». Навукоўцы плануюць працягнуць даследаванні і праверыць межы эфекту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?