Падставы для зніжэння стаўкі падатку на дададзеную вартасць у краіне адсутнічаюць, лічыць намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.
Нагадаем, стаўка падатку на дададзеную вартасць у Беларусі значна вышэйшая (20%), чым у іншых краінах Еўразійскага эканамічнага саюза. У Расіі стаўка ПДВ складае 18%, у Казахстане — 12%. Беларускія бізнес-саюзы для стварэння роўных умоў гаспадарання ў еўразійскім саюзе прапаноўвалі знізіць стаўку ПДВ у краіне.
«Сапраўды, стаўка падатку ў Расіі і Казахстане прыкметна меншая. Але розніца абумоўленая аб'ектыўнымі прычынамі — наяўнасцю ў нашых партнёраў нафтагазавых даходаў», — гаворыцца ў публікацыі намесніка міністра фінансаў Дзмітрыя Кійко, размешчанай у апошнім нумары часопіса «Финансы, учет, аудит», які выдае Мінфін.
Намеснік міністра звярнуў увагу, што ў Расіі на нафтагазавыя даходы прыпадае прыблізна 10,5% ВУП, у Казахстане — 12,3% ВУП.
«У Беларусі паказчыкі аб'ектыўна ніжэйшыя. У нас на нафтагазавыя даходы ў 2014 годзе прыпала 1,3% ВУП. У 2015 годзе чаканні павялічаныя да 4,3% ВУП, але прагноз будуецца ўжо з улікам залічэння вывазных пошлін на нафтапрадукты ў наш бюджэт», — адзначае Кійко.
Ён звярнуў увагу, што для Беларусі ПДВ з'яўляецца «асноўнай крыніцай папаўнення казны», на долю якой прыпадае больш за 37% усіх даходаў бюджэту, а ў Расіі за кошт ПДВ фарміруецца прыблізна 20% даходаў, у Казахстане — прыкладна 14%.
«З улікам эканамічнай сітуацыі, сярод іншага абумоўленай знешнімі фактарамі, рэзервы па зніжэнні ставак асноўных падаткаў (у тым ліку ПДВ) сёння адсутнічаюць», — падкрэсліў Кійко.
У студзені—лютым 2015 года, паводле інфармацыі БелаПАН, ад падатку на дададзеную вартасць у рэспубліканскі бюджэт паступіла 9,4 трлн. рублёў, на ПДВ прыпала амаль 39% сукупных даходаў бюджэту.