Першы крымскататарскі тэлеканал ATR спыніў вяшчанне ў поўнач 1 красавіка з-за адмовы Раскамнагляду зарэгістраваць яго. У трансляцыі на сайце тэлеканала цяпер адлюстроўваецца толькі чорны экран, паведамляе «Дождж».

У апошнюю гадзіну вяшчання намесніца генеральнага дырэктара тэлеканала Ліля Буджурава дала слова заснавальніку Ленуру Іслямаву. Ён паабяцаў зрабіць усё для аднаўлення вяшчання.

Ліля Буджурава адзначыла, што рашэнне аб закрыцці тэлеканала ATR «ўдарыла не па тэлеканале, а па ўсім народзе».

«Мы і не такое перажывалі. Наш народ перажыў Сталіна. Няўжо не перажыве цяперашнія праблемы? Перажыве. І выжыве. І будзе далей будаваць свой дом на сваёй зямлі», — заявіла яна.

Яна падкрэсліла, што «тым, хто перажыў дэпартацыю і гады жыцця ў рэзервацыі, было цяжэй, чым цяпер».

«Мы ведаем, што вернемся!» — дадала яна праз слёзы.

Гендырэктар канала Эльзара Іслямава раней распавядала, што ліцэнзію на вяшчанне каналу адмовіліся выдаць пасля неаднаразовай падачы неабходных дакументаў. З 25 сакавіка на канале праходзіў тэлемарафон «Не забівайце ATR», падчас якога ў куце экрана паказваўся зваротны адлік часу да спынення вяшчання.

На прэс-канферэнцыі заснавальнік медыяхолдынга заяўляў, што на кіраўніцтва аказваецца ціск з мэтай прымусіць прадаць канал. «Ці ты прадасі, або мы забярэм сілай, — заяўляў Іслямаў. — Мы забралі тое, забралі гэтае, забярэм і гэтае — ты што думаеш, хтосьці прыйдзе цябе абараняць, ці што?»

Акрамя самога канала ATR, спынілі вяшчанне і канал Lale і радыёстанцыі «Лідар» і Meydan.

Тэлеканал ATR вёў вяшчанне з 2006 года.

Крымскія татары выступаюць за Крым у складзе Украіны. Гэта 400-тысячны народ, карэнны ў Крыме. Да 1900-х татары складалі большасць на паўвостраве. У 1944 татараў з Крыма дэпартавалі, паўвостраў засялілі імігрантамі, пераважна з Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?