Як сышоў сьнег, у садзе варта зрабіць некалькі рэчаў. Згрэбсьці лісьце (калі не пасьпелі зрабіць гэта ўвосень), паздымаць з галінаў «леташні ўраджай», бо ссохлыя і гнілыя плады, што не паападалі за восень-зіму, уяўляюць сабою крыніцу хваробаў. Зямлю пад дрэвам (у абсягу кроны) трэба ўтрамбаваць – за зіму грызуны робяць хады ў верхнім слоі глебы, што прыводзіць да засыханьня тонкай часткі каранёвай сыстэмы. Пасьля гэтага дрэва трэба паліць і падкарміць. Падкормку можна купіць у кожнай гаспадарчай ці спэцыялізаванай краме.

Абрэзку сёлета можна рабіць пазьней, асабліва ў тых месцах, дзе найбольш нарабіў шкоды мароз. Тут можна пачакаць і да набуханьня пупышак. Зьвяртайце ўвагу ня толькі на гучкі, але й на пашкоджаныя хваробамі, сьнегам і марозам галіны.

Бульбаводы ўжо цяпер могуць выносіць насенку на сонца, каб прасушыць і яравізаваць. Працэдура мусіць працягвацца некалькі гадзінаў на дзень, бульбу можна альбо рассыпаць невялікім слоем на зямлю, альбо выносіць у няшчыльных скрынках. Аптымальна, каб бульба зьлёгку зазелянілася. У крамах можна напытаць адмысловы прэпарат, што паляпшае насенныя якасьці бульбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0