У выдавецтве «Беловагруп» выйшаў «Беларускі кулінарны сшытак № 1», кніга Ларысы Мятлеўскай, адной з вядучых тэлешоу «Беларуская кухня» на канале «Беларусь-2».

Кніга распачала серыю «Гастранамічная вандроўка па Беларусі». Большасць рэцэптаў у «Сшытку № 1» мае своеасаблівы «пашпарт»: пазначана, ад каго ён запісаны і дзе. Ларыса Мятлеўская сабрала ў кнізе «фамільныя» рэцэпты беларускіх бабуль з Палесся і Мінскай вобласці. Некаторыя рэцэпты ўзятыя аўтаркай з кулінарных кніг ХІХ ст.

Акрамя рэцэптаў кніга ўтрымлівае гістарычныя звесткі, парады, як ужываць нагатаванае. Дзякуючы такім адступленням і прыемнаму афармленню кнігу цікава проста чытаць. Прыгожы, карысны, у цвёрдай вокладцы, на мелаванай паперы, «Беларускі кулінарны сшытак № 1» можа стаць файным падарункам любой гаспадыні, а таксама аматарам беларускай культуры, этнаграфіі, калекцыянерам.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца 7 красавіка а 17.00 у музеі Я. Купалы.

Падчас прэзентацыі можна будзе даведацца, якімі стравамі частаваў сваіх гасцей Янка Купала і яго жонка Уладзіслава Францаўна ў доме, які ў Мінску па праву лічыўся эталонам гасціннасці.

Кніга Ларысы Мятлеўскай – далёка не першы збор беларускіх рэцэптаў. Вынікі этнаграфічных і гістарычных даследаванняў культуры харчавання беларусаў не раз спрабавалі адаптаваць для шырокага кола чытачоў. Не прэтэндуючы на паўнату агляду, назавём некалькі выданняў.

У 1995 выйшла кніга «Старадаўняя беларуская кухня» Э. М. Зайкоўскага і Г. К. Тычкі. У ёй разглядаецца гісторыя беларускай кухні, аналізуюцца першыя працы па кулінарыі беларусаў. У кнізе даюцца рэцэпты страў, сабраныя з шэрагу выданняў да сярэдзіны ХІХ ст. У 2001 кніга перавыдаецца, ужо па-руску, без уступнага артыкула, толькі рэцэпты. Затое кожны раздзел суправаджаецца вершаваным радком з «Тараса на Парнасе», «Энеіды навыварат» ці з твораў А. Міцкевіча. Па змесце і афармленні нагадвае тыповую савецкую кнігу рэцэптаў, калі б не назва ды анатацыя, складана было б зразумець, што тут апісваюцца беларускія стравы XVII–XIX стст. Дзе-нідзе на ілюстрацыях сустракаецца пружанская чорна-глянцаваная кераміка ці драўляны карац.

«Наша страва» Алеся Белага перавыдавалася 2 разы: у серыі «Кнігарня «Нашай нівы» (2009), потым І. Логвінавым (2010). Тут ёсць што пачытаць не толькі кухарам, але і аматарам гісторыі. Аўтар піша: «Стэрэатыпна лічаць, што галоўны, калі не адзіны, спосаб збірання традыцыйных рэцэптаў беларускай кухні – гэта этнаграфічныя экспедыцыі». І кнігай адмаўляе гэты стэрэатып: рэцэпты ўзятыя ад беларускіх эмігрантаў, з «пажаўцелых кніг» (згадваецца «Кухарка літоўская» В. Завадскай, якой карысталася і Л. Мятлеўская для «Кулінарнага сшытка № 1»). Складваецца ўражанне, што ў «этнаграфічным падыходзе» да беларускай кулінарыі аўтар не дужа і абазнаны. Напрыклад, ён піша пра «небагаты асартымент беларускіх рэгіянальных страў», абмяжоўваецца Гарадзеншчынай і Беласточчынай. Але, напрыклад, толькі ў «Энцыклапедыі этнаграфіі Беларусі» – каля 100 артыкулаў, прысвечаных стравам, звесткі пра якія зафіксаваны ў экспедыцыях па розных рэгіёнах краіны. І «Беларускі кулінарны сшытак № 1» Л. Мятлеўскай дазваляе такія рэгіянальныя стравы гатаваць.

У наборы паштовак «Лучшие блюда белорусской кухни» Алены Мікульчык – трошку пра традыцыйнае беларускае харчаванне ўвогуле, кароткія звесткі пра некаторыя стравы, 13 рэцэптаў на паштоўках. Прыгожа і сучасна. Мяркуючы па дызайне, паштоўкі – скарочаны варыянт кніжкі аўтаркі, пра якую пісала НН. Адзіны недахоп – рэцэпты рускамоўныя і не пазначана, у якой мясцовасці запісаныя. Алена Мікульчык адзначала, што гэтыя выданні арыентаваныя хутчэй «на экспарт», і абяцала неўзабаве беларускамоўную кулінарную кнігу. Але пакуль такой няма, і «Беларускі кулінарны сшытак № 1» Л. Мятлеўскай у сваёй этнаграфічнай скіраванасці застаецца па-за канкурэнцыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?