Рэцэпт у старажытнай кнізе. Фота: The British Library Board
Сярэднявечныя англа-саксонскія медыкі верылі, што цыбуля, часнок, віно і цялячая жоўць у правільных прапорцыях выратуюць ад ячменя на воку.
Але калі мікрабіёлагі універсітэту Нотынгема, Вялікабрытанія, паспрабавалі згатаваць зёлкі па такім рэцэпце, у іх атрымаўся забойца метыцылін-рэзістыўнага залацістага стафілакоку (Staphylococcus aureus), распавядае New Scientist.
Зёлкі па рэцэпце тысячагадовай даўніны насамрэч дапамагалі забіваць бактэрыі, што адказваюць за развіццё ячменю на воку. Але цяпер яны дапамогуць і ў лекаванні больш сур’ёзных інфекцый скуры.
Навукоўцы адзначаюць, што сутыкнуліся з цяжкасцямі ў пошуку аўтэнтычных інгрыдыентаў — сённяшняе віно вельмі адрозніваецца ад сярэднявечнага, як адрозніваюцца і цыбуля з часнаком. Праўда, замест рэкамендаванага латуннага посуду прыйшлося выкарыстаць сучасны шкляны посуд з меднымі лістамі, які лягчэй стэрылізаваць.
Атрыманыя зёлкі паспяхова канкуравалі ў забойстве бактэрый з сучасным прэпаратам ванкаміцынам, што выкарыстоўваецца ў лекаванні хваробаў, выкліканых залацістым стафілакокам.
Навукоўцы працягнуць даследаванне сярэднявечнага рэцэпту, каб высветліць, якія менавіта хімічныя злучэнні робяць старажытныя зёлкі эфектыўнымі лекамі.