Bloomberg

Bloomberg

Беларусь не стане часткай Расіі, і расійскае кіраўніцтва ніколі не ставіла такое пытанне. Пра гэта ў інтэрв'ю медыяхолдынгу «Блумберг» заявіў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БелТА.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Расеі шмат палітыкаў, якія «мысляць па-імперску і інакш не бачаць, як тое, што Беларусь павінна быць нейкім паўночна-заходнім краем». «На гэта мы даём канкрэтны адказ: мы не будзем паўночна-заходнім краем. Як і не будзем ніколі, як я гэта разумею, канфліктаваць з Расеяй!» — сказаў Лукашэнка.

«І сёння кіраўніцтва Расеі ніколі не ставіла наўпрост пытанне аб тым, што Беларусь павінна быць у складзе Расіі. Былі нейкія, ведаеце, намёкі ў мінулым, на што было вельмі жорстка адрэагавана з майго боку. Мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёю і застанемся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Ніколі Пуцін не ставіў перад мной пытання: вось, слухайце, вы, давайце, забудзьцеся пра сваю незалежнасць, вы будзеце губерняй Расійскай Федэрацыі. Ён ведае, як я на гэта адрэагую. Таму ніколі не было такога абмеркавання», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што апошні раз гэтую тэму абмяркоўвалі з Уладзімірам Пуціным праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. «І мне спадабалася, калі ён сказаў (гэта яшчэ, дарэчы, было да канфлікту ў Украіне): «Нам не трэба падпарадкаваць, захапіць якую-небудзь краіну, у тым ліку Беларусь, нармальная краіна, развіваецца, сярэднееўрапейская дзяржава (даслоўна кажу), у сяброўскіх адносінах. Вы абсалютна не замахваецеся на нейкія прынцыпы Расійскай Федэрацыі. Чаго нам трэба яшчэ? Вы жывяце ў сваёй кватэры, мы жывем у сваёй, але ў той жа час мы браты, мы родныя людзі, мы ходзім адзін да аднаго ў госці». Вось такое было абмеркаванне. Нармальнае, па-мойму», — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, не будзе Расія і ваяваць супраць Беларусі: «У кіраўніцтва Расеі няма падставы нават дрэнна ў наш бок глядзець. Яго не зразумее рускі народ, расейцы не зразумеюць. Чаго супраць нас ваяваць? Няма прычын. Таму я нават не думаю так, што Расея будзе ваяваць супраць Беларусі».

«Але я яшчэ раз падкрэсліваю: хто б ні прыйшоў да нас з мячом, той ад мяча і загіне. Мы будзем ваяваць супраць еўрапейцаў, амерыканцаў, расейцаў — каго заўгодна, калі яны паставяць перад сабой мэту заваяваць гэты кавалак зямлі, на якім павінны жыць беларусы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«100% беларускага народа хочуць жыць на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, і абараняць беларускі народ будзе сваю зямлю. Вазьміце гісторыю. У Другой сусветнай вайне мы не сталі на калені перад агрэсарам, і мы абаранялі сваю зямлю. Дакладна гэтак мы будзем абараняць сваю зямлю і зараз», — дадаў Лукашэнка.

«На Захадзе існуе меркаванне, што ён [Уладзімір Пуцін] хоча нейкую імперыю аднавіць. Ён па сутнасці іншы чалавек. Ён не будзе імкнуцца да аднаўлення нейкай імперыі. Але калі хтосьці ўжо занадта будзе закопвацца і ківаць пальцам у бок Расіі, ды яшчэ й дубінай размахваць, то нават не толькі Пуцін, у расейцаў такі менталітэт, што на дубіну Расія адкажа. Таму з Расіяй трэба быць акуратнымі, — сказаў Лукашэнка. — Няма ў Пуціна жадання штосьці там захапіць. Ён сучасны чалавек і разумее, што ў наш час гэта вельмі небяспечна».

На думку беларускага лідара, папрокі аб ўмяшанні ва ўнутраныя справы суседніх краін можна адрасаваць не толькі Расіі, але і амерыканцам, Еўрасаюзу і іншым. «Што вам трэба было ў Лівіі, у Іраку, у іншых частках? Там жыццёва важныя вашы інтарэсы. Дакладна гэтак заяўляе і Расія. У яе жыццёва важныя інтарэсы ў Грузіі, іншых суседніх рэспубліках, — сказаў Лукашэнка. - Такі вобраз, калі можна сказаць, такія паводзіны характэрны для ўсіх вялікіх дзяржаў. Яны чамусьці лічаць, што, каб захавацца гіганцкімі дзяржавамі і прасоўваць свае інтарэсы дзесьці, абавязкова трэба над кімсьці пераважаць. Таму папракаць Расію ў гэтым нельга».

Ён таксама дадаў, што пасля ўкраінскіх падзей адносіны Беларусі з Расіяй ніяк не змяніліся.

У часе інтэрв'ю Лукашэнка таксама заявіў, што сітуацыя ў беларускай эканоміцы няпростая, але не крытычная. Прыток валюты ад экспарту стабільны, але золатавалютныя рэзервы расці не будуць.

Адносна Украіны ён паўтарыў свае заклікі да мірнага вырашэння канфлікту ў Данбасе. На ягоную думку, Кіеву трэба дамаўляцца непасрэдна з лідарамі «ДНР» і «ЛНР». а Расіі трэба пайсці на дээскалацыю.

Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніколі не ўяўляў пагрозы для Захаду.

«Я не магу быць пагрозай для Захаду, абсалютна, нават для адной нейкай канкрэтнай краіны. Для таго каб быць пагрозай камусьці, трэба мець пэўны арсенал і магчымасці пагражаць. Каму я магу пагражаць? Абсалютна нікому. Гэта надумана, гэта надуманы тэзіс, надуманае абвінавачванне на мой адрас», — Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь з'яўляецца абсалютна міралюбнай краінай. «Мы міралюбны народ, мы не хочам ніякіх пагроз. Нам гэта не трэба, разумееце?» — сказаў ён.

«Я ніколі не быў злом для Еўропы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Еўрапейцы, і асабліва амерыканцы, няхай яны на мяне не пакрыўдзяцца, раней па меншай меры, цяпер іншыя часы наступілі, лічылі, што той рэжым, як яны казалі, у Беларусі, той ўнутраны лад, які ў нас ёсць, дзяржаўны лад, супярэчыць іх уяўленням, таму, што ёсць у іх, што ў нас не хапае дэмакратыі, у нас правы чалавека парушаюцца, таму трэба Беларусь змяніць. Паспрабавалі змяніць рознымі метадамі — не ўдалося. Тады мне павесілі на грудзі шыльду — дыктатар».

На думку Лукашэнкі, санкцыі з боку Захаду ў дачыненні да Беларусі — гэта анахранізм. «І што, мы паваліліся, калі нам ўвялі санкцыі? Не, не паваліліся, — сказаў Лукашэнка. — І да чаго прывялі гэтыя санкцыі? Ні да чаго. Не змаглі нават задушыць невялікую Беларусь, не кажучы ўжо пра Расію», — адзначыў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?