Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый (FIFA) адхіліла прапанову 13 амерыканскіх сенатараў забараніць Расіі праводзіць чэмпіянат свету па футболе ў 2018 годзе. Арганізацыя назвала гэтую ідэю бессэнсоўнай, паведамляе 2 красавіка AP.
Па словах прэс-сакратара арганізацыі Дэлі Фішэр, правядзенне чэмпіянату свету па футболе можа стаць «магутным каталізатарам для канструктыўнага дыялогу паміж народамі і урадамі, які дапаможа прынесці пазітыўныя сацыяльныя перамены». Байкот спартыўных мерапрыемстваў, дадала яна, не з'яўляецца самым эфектыўным спосабам вырашэння праблем.
FIFA, адзначыла Фішэр, лічыць, што футбол не можа разглядацца ў якасці вырашэння ўсіх праблем, асабліва тых, якія тычацца сусветнай палітыкі.
«Мы лічым, што чэмпіянат свету па футболе можа стаць сілай, якая спрыяе дабру», - дадала яна.