Хто хаця б зрэдчас ездзіць на машыне ці маршрутцы, сустракае ўздоўж дарог пахавальныя вянкі, штучныя кветкі. У некаторых месцах стаяць нават невялікія крыжы, абнесеныя металічнай агароджай, альбо нават гранітныя помнікі. Ездзеш так год за годам па адной дарозе, а гэтыя пахавальныя атрыбуты не знікаюць, а множацца.

Гэта месцы, на якіх у аўтамабільных аварыях нехта загінуў. І родныя ставяць такія знакі. Але ні разу не бачыў, каб каля іх нехта быў. Канечне, мо раз на год на Радаўніцу ці дзень смерці, сюды прыязджае жанчына, што страціла ў аварыі дзіця. Не больш за тое.

Калі нехта хоча захоўваць памяць пра загінулага на дарозе, гэта можна рабіць у храме (ставіць свечкі, маліцца). Альбо дома, адвёўшы для гэтага куток ці пакой. Можна паставіць вялікі помнік на могілках і плакаць там.

А я, калі сустракаю гэтыя вянкі на дарозе, спачування не адчуваю: чужое гора так не кранае, як сваё.

Прыгадваецца, як чатыры гады таму, 24 сакавіка, уначы ў Мінску на скрыжаванні праспекта Незалежнасці з вуліцай Казлова п’яны кіроўца на «БМВ» урэзаўся ў таксі. З таксі выпаў хлопец-пасажыр, 1991 года нараджэння. І загінуў. На месца смерці прыносілі кветкі, свечкі. Стаяў нават вялікі партрэт. Спачатку складалі ўсё гэта на трамвайным прыпынку. Пасля нехта перанёс да сцяны бліжэйшага будынка. Працягвалася так мо два тыдні — і кветак прыносілі ўсё больш. А пасля камунальнікі, сам быў сведкам, падагналі трактар і ўсё вывезлі, відаць, на сметнік.

Месца трагедыі — страшнае месца. А яго, атрымліваецца, ушаноўваюць.

Хаця нібыта павінны такія знакі на дарогах (а часам яны з’яўляюцца ў межах горада ці вёскі) стрымліваць п’яных сядаць за руль, занадта жвавых ганяць па дарогах і проста парушаць правілы дарожнага руху. Але ніхто не здольны назваць нават прыблізную лічбу тых, хто ўратаваўся дзякуючы вось гэтым крыжам на месцах смерцяў. Ці ўратавала гэта каго наогул? Няма такой статыстыкі.

Але ёсць статыстыка па колькасці аварый. І хаця яна сведчыць, што колькасць ДТЗ змяншаецца, але іх наступствы не становяцца лягчэйшымі. Так, у 2014 павялічылася колькасць тых, хто загінуў у аварыях па віне кіроўцаў, якія не мелі правоў. Знізілася колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей, але вырасла колькасць дзіцячых смерцяў у аварыях. Зніжаецца колькасць п’яных кіроўцаў. Але гэта можна звязаць не са страхам забіць кагосьці на дарозе. На жаль, не з гэтым. А праз магчымасць пазбавіцца машыны пры паўторнай п’янцы за рулём.

Але самых шустрых кіроўцаў не заўжды нават можна спыніць рублём. А не тое нават каб пазнакай месца чужой смерці.

Напрыклад, за 23 сакавіка 2015 на дарогах краіны адбылося 209 ДТЗ з матэрыяльнай шкодай. У 5 аварыях загінулі і атрымалі раненні 6 чалавек. А выяўлена 6 000 парушэнняў ПДД. За перавышэнні хуткасці аштрафавалі 1299 кіроўцаў. 764 пешаходы прыцягнуты да адказнасці за парушэнне ПДР. Не надта стрымліваюць парушальнікаў чужыя смерці.

У Балгарыі ёсць традыцыя пасля смерці чалавека некралог разам з фотаздымкам раздрукоўваць і клеіць на веснічак свайго дома, на бліжэйшыя дрэвы. Вісяць яны месяц, год, два. Ведаеш, каго напаткала гора. Можаш зайсці і выказаць словы падтрымкі. Мы, жывыя, павінны памятаць мёртвых. Але не трэба рабіць месца іх гібелі месцам пакланення.

І не ператварайце Беларусь у краіну пахавальных вянкоў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?