Яшчэ не страчаны момант, каб Украіна засталася адзінай і цэласнай, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю медыяхолдынгу «Блумберг».

«Для таго каб асуджаць, падтрымліваць або абвяргаць, трэба быць там, у гэтым катле. Парашэнка там, ён — прэзідэнт Украіны, напэўна, яму больш ясна. У нас мэты іншыя. Улады Украіны, відаць, зараз больш прыхільныя да таго, каб сілай вырашыць гэта пытанне, Усходняй Украіны. Я з іншых пазіцый зыходжу. Я мяркую, што сілавога вырашэння гэтай праблемы няма. Гэта будзе шмат крыві, будзе эскалацыя канфлікту. Таму я за мірнае вырашэнне гэтага пытання. І ўсяляк садзейнічаў, каб гэты мір там наступіў», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Я мяркую, што сёння не страчаны момант. І дзеля таго, каб Украіна засталася адзінай і цэласнай, трэба выканаць мінскія пагадненні, пад якімі стаяць подпісы і кіраўніцтва Украіны», — зазначыў ён.

«Я збоку, мне прасцей, але я так думаю: а як бы я паводзіў сябе на месцы кіраўніка Украіны? Вы ведаеце, чалавечае жыццё, тым больш чалавечыя жыцці, больш каштоўныя і даражэйшыя за любыя канфлікты, тэрытарыяльныя прэтэнзіі і іншае, іншае. Дзеля жыцця людзей, каб не гінулі людзі, маладыя людзі, я б пайшоў на кантакты з любымі. І тут не пазбегнуць канкрэтных кантактаў з цяперашнімі кіраўнікамі ДНР і ЛНР», — мяркуе Лукашэнка.

Канфліктуючыя бакі ва Украіне, на яго думку, павінны сесці за стол перамоў:

«Калі ў лоб задаць пытанне вось гэтым, якія адкалоліся, або тэрыторыям, якія сябе называюць ДНР і ЛНР, калі там задаць канкрэтнае пытанне: «Вы дзе хочаце быць?» — яны будуць гаварыць пра тое, што яны хочуць быць ва Украіне. У насельніцтва, якое там засталося, і, упэўнены, нават у кіраўнікоў няма жадання, каб з імі адбылося так, як з Крымам. Абсалютна. Дык што яшчэ трэба? Ведаючы пра тое, што гэта твая зямля і што там людзі хочуць жыць ва Украіне, чаму не рабіць крокі насустрач і не сесці за стол перамоў з кіраўнікамі?! Гэта першае».

«Другое. Але ўсе разумеюць, што патрэбныя ва Украіне нейкія змяненні. І яны без змяненняў у Канстытуцыю немагчымыя. Нехта кажа пра федэралізацыю, пра аўтаномію, а ўкраінскія ўлады кажуць пра дэцэнтралізацыю. Давайце ў Канстытуцыі Украіны замацуем гэтыя абсалютна зразумелыя і неабходныя сёння для Украіны кірункі. Дэцэнтралізацыя — добра. Трэба сёння гэтым тэрыторыям прызнаць іх з асаблівым нейкім статусам — давайце зробім, спыніцца вайна. Адновім гэтыя тэрыторыі. Усё з часам наладзіцца, калі мы хочам міру і цэласнасці Украіны», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Таму тут шэраг крокаў трэба рабіць — садзіцца з імі за стол перамоў, дамаўляцца. Тым больш ясна, аб чым дамаўляцца. Патрэбныя змяненні ў Канстытуцыю.

І выходзіць на мяжу Украіны з Расіяй, закрываць яе. Расія, дарэчы, не супраць гэтага», — дадаў Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне, што б Лукашэнка рабіў на месцы Уладзіміра Пуціна, беларускі кіраўнік зазначыў, што ні ў якім выпадку, асабліва зараз, калі намеціліся тэндэнцыі да вырашэння канфлікту, не рабіў бы крокі да эскалацыі гэтага канфлікту. «Я б рабіў усё для таго, каб там захаваўся мір, для таго, каб Украіна засталася цэласнай і адзінай дзяржавай. І зрабіў усё для гэтага, каб хоць бы з цягам пэўнага часу народы Украіны і Расіі забыліся пра гэты канфлікт», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?