У Беларусі павялічваецца пенсійная нагрузка на працаздольнае насельніцтва. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч.

«Асноўнай тэндэнцыяй змянення ўзроставай структуры насельніцтва з'яўляецца павелічэнне долі насельніцтва ва ўзросце старэйшым за працаздольны (у жанчын — 55 гадоў, у мужчын — 60 гадоў) і змяншэнне ва ўзросце маладзейшым за працаздольны (0-15 гадоў). Колькасць людзей старэйшых за працаздольны ўзрост у агульнай колькасці насельніцтва расце больш хуткімі тэмпамі, чым колькасць людзей маладзейшых за працаздольны ўзрост», — адзначыла Алена Кухарэвіч.

У краіне на пачатак 2015 года колькасць асоб маладзейшых за працаздольны ўзрост склала 1,6 млн чалавек (за мінулы год яна павялічылася на 30,1 тыс. чалавек). Колькасць насельніцтва старэйшага за працаздольны ўзрост на пачатак бягучага года дасягнула 2,3 млн чалавек (за 2014 год яна павялічылася на 45,7 тыс. чалавек). Сёння амаль кожны чацвёрты жыхар рэспублікі — старэйшы за працаздольны ўзрост, у той час як у 2000 годзе ім быў амаль кожны пяты, канстатавала прадстаўнік Белстата.

Доля насельніцтва ў працаздольным узросце па-ранейшаму даволі вялікая, хоць назіраецца тэндэнцыя змяншэння. На пачатак бягучага года колькасць гэтай узроставай групы насельніцтва склала 5,6 млн чалавек (58,6 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва) і за год зменшылася на 63 тыс. чалавек.

«Праблематычнай у будучым бачыцца сітуацыя з папаўненнем працоўных рэсурсаў, — лічыць Алена Кухарэвіч. — Гэта абумоўлена тым, што ў працаздольны ўзрост будуць уступаць нешматлікія групы дзяцей, народжаных у канцы 1990-х - пачатку 2000-х гадоў». На пачатак бягучага года колькасць 15-гадовых падлеткаў, якія праз год дасягнуць працаздольнага ўзросту, склала 91 тыс., а людзей, якія выбываюць з гэтага ўзросту (59-гадовых мужчын і 54-гадовых жанчын), налічваецца 142 тыс.

У далейшым дыспрапорцыя яшчэ больш узмоцніцца: колькасць дзяцей, якія знаходзяцца цяпер ва ўзросце 10-14 гадоў, складае 443 тыс., а колькасць насельніцтва перадпенсійнага ўзросту (5 гадоў да выхаду на пенсію) — 720 тыс. чалавек.

Прамым сведчаннем дэмаграфічнага старэння насельніцтва з'яўляецца змяненне ў структуры нагрузкі на працаздольнае насельніцтва. Паказчык пенсійнага цяжару на 1000 асоб працаздольнага ўзросту павялічыўся з 370 чалавек старэйшых за працаздольны ўзрост у 2000 годзе да 403 чалавек у 2014 годзе. Паказчык замяшчэння працоўных рэсурсаў за гэты перыяд зменшыўся з 356 асоб маладзейшых за працаздольны ўзрост да 281 чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?