Кожную хвіліну на зямлі памірае 107 чалавек. Кожныя 40 секунд нехта з насельнікаў планеты здзяйсняе самагубства. 35 чалавек кожную гадзіну аказваюцца забітымі ў выніку ўзброеных канфліктаў. «Мы ўсе памром!» — не толькі інтэрнэт-мем, але і аб'ектыўная рэальнасць.

Атэісты вераць, што смерць — канец жыцця, і потым няма нічога, нуль. Хрысціяне вызнаюць жыццё пасля смерці, прычым часам нават лепшае, чым тут. Продкі былі ўпэўнены, што той свет існуе — у тым ці іншым выглядзе.

Пра рознае стаўленне да смерці, абрады пахавання — «правільныя» і «няправільныя», мы пагутарылі з каталіцкім і праваслаўным святарамі, а таксама з фалькларыстам.

Каталікі маюць пасля смерці суд Божы, пекла, рай або чысцец. Для праваслаўных чысцец не прадугледжаны – або туды, або сюды, няма чаго ліберальнічаць. У сучаснай Мексіцы набыў папулярнасць рэлігійны культ Санта Муэртэ — Святой Смерці, з якім змагаецца Каталіцкі Касцёл, лічачы, што абрады тыя — ад шатана. Каталіцкі Касцёл, у сваю чаргу, мае «Таварыства добрай смерці» ці «Маці Божай Апякункі добрай смерці». Члены Таварыства сваімі малітвамі і ахвярамі просяць для верных каталікоў трыванне ў асвячальнай ласцы, для рэлігійна абыякавых і грэшнікаў — ласку навяртання, для ўсіх — добрую і святую смерць. Члены таварыства звяртаюць увагу, што «добра жыць — гэта шмат, добра памерці — гэта ўсё».

Каталікі і смерць

Каталікоў адпяваюць на беларускай мове. Ёсць адмысловая кніга з абрадамі пахавання. Псалмы, малітвы і чытанні пададзеныя там на роднай мове. Звычайна на праводзінах чалавека ў іншы свет спяваецца Псалом 51 (50): «Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй». Таксама на пахаванні просяць дапамогі ў анёлаў: «Прыйдзіце, святыя Божыя, прыйдзіце, анёлы Пана, прыміце гэтую душу, занясіце яе да аблічча Найвышэйшага». Да нябожчыка звяртаюцца на могілках: «Ты пылам быў, і ў пыл вернешся, але Пан уваскрэсіць цябе ў апошні дзень».

Ксёндз Славамір нагадвае, што для хрысціяніна сустрэча са смерцю — непазбежны канец паломніцтва на зямлі, якое мае глыбокі сэнс, да якога чалавек павінен рыхтавацца ўсё жыццё.

«Гэта няпросты момант, таму што ён нясе неабходнасць пакінуць сям'ю, блізкіх, і адказваць перад Богам за ўсё, што зрабіў. Гэты апошні момант бывае цяжкім, бо шатан таксама да апошняга змагаецца за кожнага чалавека. І таму ёсць мудрасць – рыхтавацца загадзя, і, вобразна кажучы, не пакідаць за сабой тут ніякіх «хвастоў». Пра смерць трэба памятаць, і жыць так, каб сёння быў апошні дзень — але я гатовы», — тлумачыць святар.

Ксёндз кажа, што смерць – гэта не нейкі трагічны канец жыцця. «Смерць для нас не вораг, а сястра нашага цела, як казаў Святы Францыск. Дзякуючы ўваскрашэнню Хрыста мы перайшлі ад смерці да жыцця, і наша жыццё ўжо не канчаецца. Ёсць запаведзь міласэрнасці да цела — пахаваць годна памерлага, і гэта таксама есць акт любві да гэтага чалавека», — упэўнены суразмоўца.

Але сама форма пахавання накіраваная на тое, каб дапамагчы жывым прыняць гэтую падзею. «Рэлігійныя абрады дапамагаюць, каб гэты дзень пражыць з глыбокім сэнсам і разуменнем падзеі. Малітва, псалмы, Святая Імша суцяшаюць сэрцы», — дадае святар.

Касцёл моліцца не толькі за памерлых верных, але і за тых, хто не ахрышчаны.

Крэмацыя ў каталіцкай традыцыі катэгарычна не забаронена. Такая форма пахавання можа быць пры эпідэміях, войнах, іншых бедствах. Касцёл не вельмі схільны праводзіць крэмацыю, заахвочвае прытрымлівацца формы пахавання, блізкай менталітэту — у труне, у зямлі.

Мясцовыя абрады можна пакінуць, калі яны не супярэчаць хрысціянству. «Але вось калі каля галавы нябожчыка ставяць цукар, булкі, цукеркі — гэта варта прыбраць, абсалютна не патрэбна. І пахаванне, і помнікі на магілах варта рабіць прыгожымі, але без помпы. Часта гэтымі вельмі пампезнымі пахаваннямі і помнікамі людзі хочуць прыкрыць дэфіцыт любові, які быў пры жыцці», — лічыць ксёндз.

Так, як святыя ўдзельнічаюць у гісторыі ратавання, аб чым сведчыць традыцыя, так і нябожчыкі могуць бачыць нас з таго свету, і адтуль дапамагаць. Нават калі чалавек пры жыцці не хадзіў у храм, гэта не значыць, што ён аўтаматам трапіць у пекла.

Праваслаўныя і той свет

Айцец Ян, праваслаўны святар, на смерць глядзіць аптымістычна. «Смерць — пачатак новага жыцця. Напрыклад, дзіця ва ўлонні маці знаходзіцца ў пэўных умовах жыцця — атрымлівае харчаванне ад маці, дыхае, плавае. І вось адбываецца яго нараджэнне, і што гэта? — змена яго стану. Ён пачынае дыхаць лёгкімі, есці самастойна, з'яўляецца святло, ён пачынае хадзіць, гаварыць. І для таго стану, у якім ён быў ва ўлонні – ён памірае! Ён губляе сувязь з маці. І ў смерці адбываецца страта сувязі з целам, і нараджэнне ў новы, духоўны свет», — кажа айцец Ян.

Ён нагадвае словы Апостала Паўла: не будзьце смутныя, як няверуючыя. «А што мы бачым у наш час? Большасць людзей да таямніцы пахавання ставіцца як да нейкай вялікай страты — страты зносін з блізкім чалавекам. Значыць, што чалавек страціў? Тое, што ён не рабіў у працэсе жыцця. Што маем — не шкадуем, а згубім — плачам», — зазначае суразмоўца.

Ён перажывае, што сучасная традыцыя адпявання — скажоная, асноўваецца больш на паганскім абрадзе, каляцаркоўным фальклоры, містэрыі, а пахаванні часам падобныя на вяселлі. «Алкаголь на пахаванні — атрута для нябожчыка», — перасцерагае святар.

П'яны чалавек — глухі да малітвы. «А адзінае, што ідзе ад зямлі на неба — малітва. Не тое, колькі чалавек з'есць, вып'е, колькі разоў скажа «Хай пухам будзе зямля». Два-тры разы пухам зямля — а потым могуць і песні зацягнуць. Душа сорак дзён праходзіць выпрабаванне сумлення, і ў гэты час ёй неабходна дапамога, малітва. Таму Царква просіць гэтыя сорак дзён устрымацца ад святкавання, весялосці, аб'ядзення, п'янства, каб розум наш быў накіраваны на малітву. Пажадана гэтыя дні прысутнічаць у храме. У наш час адбываецца часта такім чынам — падалі запіску, заплацілі грошы, і ўсё на гэтым. Стаўленне да Бога, як да лавачніка, булачніка. Я даў грошыкі — хай там моляцца. Ён нават не ўспамінае таго сваяка, калі, канечне, нябожчык яму не пачне сніцца. А сняцца менавіта таму, каб нагадаць пра сябе. Святар хоць і асоба набліжаная, і праваднік Божай ласкі, але ён усё-такі чалавек далёкі ад гэтай падзеі, ад памерлага чалавека, а сэрца блізкага чалавека гарыць па-іншаму. І калі блізкі чалавек сорак дзён моліцца — гэта вялікі бонус, вялікі плюс нябожчыку, бо малітва блізкіх дапамагае душы ўспрыняць рай, стаць спадкаемцам яго», — праінструктаваў айцец Ян.

За нехрысцяў царква не моліцца, як і за самазабойцаў, і атэістаў, якія змагаліся з Царквой. Па словах айца Яна, калі чалавек змагаўся з Царквой свядома, прыніжаў Царкву — тут сэнс у малітве проста адпадае. Госпада не падманеш. Адпяванне самазабойцаў не адбываецца ў большай ступені па маральнай прычыне. Святар лічыць, што калі царква будзе дапускаць адпяванне самазабойцаў — то шмат людзей пачнуць забіваць сябе. «Таму што калі ўжо царква папускае такія дзеянні — будзе адпяваць, маліцца, і мяне, маўляў, вымаляць. З крыжа не сходзяць — з крыжа здымаюць», — нагадвае суразмоўца.

Па словах айца Яна, «на могілках хрысціян павінны быць крыжы, і толькі, ніякіх помнікаў. Бо па традыцыі, калі будзе Другое Прышэсце, і нябожчыкі паўстануць разам з плоццю — яны будуць браць свае крыжы. Крыж павінен ставіцца ў нагах, а не ў галаве, і пахаванне чалавека павінна быць нагамі на усход», — сцвярджае ён.

У некаторых вёсках Веткаўскага раёна на могілках да крыжоў прывязваюць абразы. Мясцовыя тлумачаць, што гэта для таго, каб нябожчыкі падымаліся і маліліся.

«Гэта ўжо занадта! Зомбі-апакаліпсіс? Яшчэ рана! Молімся мы не абразам, а Богу. Гэта блюзнерства — там жа і птушкі, і сабакі на могілках, і вандалы. Душа пакідае цела і ідзе на неба, тут яна не застаецца, не стаіць на сваёй магіле і не моліцца. Глупства», — ахарактарызаваў святар.

Такая тэма, як грошы за адпяванне, не засталася па-за ўвагай.

Айцец Ян кажа, што можа, сотні людзей ужо адпеў, і прычым бясплатна. І не толькі бедных.

«Я іду туды не каб нешта ўзяць, а каб памаліцца. Дадуць — дзякаваць Богу, не — таксама. Гэта для мяне асабіста момант выпрабавання — ці карысны я, за грошы раблю гэта ці з любові», — завяршыў айцец Ян.

Па-нашаму, па-народнаму-роднаму

Пра пахавальныя традыцыі беларусаў ведае шмат прафесарка, доктарка філалагічных навук, загадчыца кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны Валянціна Новак. Яна аўтарка звыш 200 навуковых прац. З'яўляецца аўтарам-складальнікам шматлікіх фальклорна-этнаграфічных зборнікаў па розных раёнах Гомельшчыны. Таму і гаварыць «у агульных рысах» пра пахавальныя абрады не згаджаецца.

«У цэлым гаварыць пра ўсе раёны няправільна, бо мы не ведаем мясцовай спецыфікі, а яна раскрываецца ў палявых экспедыцыях. Калі ёсць па рэгіёне падрабязны матэрыял — як сістэмны кампанент этнічнай традыцыі — вось тады мы глыбока спазнаем сваю культуру», — сцвярджае Валянціна Станіславаўна.

Шмат традыцый ужо знікла, засталіся толькі пісьмовыя сведчанні. Усё менш галосяць у вёсках на пахаванні, а раней гэты абрад суправаджаў усе этапы праводзін чалавека на той свет.

У Петрыкаўскім раёне захаваліся сведчанні пра дзеда — майстра галашэнняў, без якога не абыходзілася ніводнае пахаванне.

На пахаваннях былі адмысловыя апавяшчальныя знакі — напрыклад, крыж, які ставілі ля хаты. Абмываць-апранаць нябожчыкаў павінны былі чужыя людзі — каб каго свайго выпадкам не забраў памерлы на той свет. Хату абавязкова пасыпалі жытам — пасля таго, як выносілі труну. Каб усе, хто застаецца ў хаце — жылі. Абсыпанне жытам прысутнічае і ў пахавальнай, і ў вясельнай, і ў радзільна-хрэсьбіннай абраднасці. Раней у вёсках і труну на гарышчы захоўвалі, прычым насыпалі туды жыта. Зерне — як працяг жыцця, яно і памірае, і адраджаецца.

У труну нябожчыка клалі яго любімыя рэчы, напрыклад, тытунь, калі чалавек паліў пры жыцці. «Усе прыкметы тыя захоўваюцца, людзі ў нас усё-ткі прымхлівыя. І люстэрка завешваюць і цяпер — каб нябожчык каго не выглядзеў з жывых і не пацягнуў на той свет. Вочы запячатваюць манетамі. Вузельчык на смерць рыхтуюць загадзя. Урэшце, многія людзі спакойна ставіліся да таго, што чалавек памірае, спакойна ўспрымалі смерць, нават самі старыя. У іх часта няма перажыванняў з нагоды таго, што яны пакінуць гэты свет», — адзначае загадчыца кафедры.

Продкі верылі, што душы пераносяцца на жыццё птушак, таму на могілках было прынята карміць птушак, сыпаць зерне.

Нябожчыку кідалі ў магілу грошы — каб купіў сабе зямлю. Галасіць можна было, а вось моцна плакаць — не, каб не трывожыць душу памерлага.

Труну апускалі ў магілу на ручніках. Іх потым дарылі тым мужчынам, што капалі магілу. Забіраць дахаты ручнікі тыя было нельга, як і кідаць у магілу — нябожчык, калі будзе ўставаць на страшны суд, будзе блытацца.

Нябожчыка, калі везлі на могілкі, абавязкова павінны былі правезці праз скрыжаванне шляхоў, каб душа не магла знайсці дарогу назад дадому. У труну клалі «прахадную» — паперу з трыма малітвамі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?