Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт забараніў правядзенне пікета 3 красавіка ў Стоўбцах у абарону брукаванай дарогі, паведаміў сябра аргкамітэта па стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Дзяніс Кобрусеў. 

Як паведамлялася раней, аргкамітэт па стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» і аргкамітэт па стварэнні Таварыства аматараў гісторыі 17 сакавіка адправілі ў Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт заяву аб правядзенні пікета па ратаванні брукаванай дарогі пад Стоўбцамі (Мінская вобласць). У канцы 2014 года і пачатку 2015-га раённыя ўлады пачалі пілаваць дрэвы ўздоўж бруку, якому больш як 80 гадоў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, улады маюць намер разбурыць брукаванку для будаўніцтва аб`язной дарогі вакол Стоўбцаў.

Пікет планавалася правесці для інфармавання грамадзян пра планы знішчэння бруку на ўчастку аўтадарогі Р64 паміж Стоўбцамі і вёскай Новы Свержань і алеі ўздоўж яе і збору подпісаў пад калектыўным зваротам грамадзян. Пікет быў заяўлены на 3 красавіка ў цэнтры Стоўбцаў. 

Як паведаміў Кобрусеў, раённыя ўлады аргументавалі адмову тым, што паколькі «рашэнне райвыканкама на выкананне будаўніча-мантажных работ па капітальным рамонце дарогі мясцовага значэння П-00025 не прымалася, адсутнічае сам прадмет абмеркавання і неабходнасць правядзення гэтага пікета». 

Тым не менш у афіцыйным адказе ўлады прызналі, што «вядуцца работы па добраўпарадкаванні прыдарожнай паласы, якія ўключаюць у сябе знішчэнне старых дуплістых і пашкоджаных маланкай дрэў, высечку хмызнякоў на прылеглых да дарогі сельгасугоддзях, прарэджванне і навядзенне парадку ўздоўж чыгункі».

«На 2015 год іншых мерапрыемстваў па вышэйзгаданым участку дарогі не прадугледжана», — гаворыцца ў адказе. 

«Адмова ў правядзенні пікета ніяк не паўплывае на нашу далейшую дзейнасць па абароне брукаванкі, — зазначыў Кобрусеў. — Несанкцыянаваных мерапрыемстваў у гэты момант праводзіць не плануем. Трэба дачакацца адказаў на іншыя нашы звароты, і тады будзем прымаць рашэнне, як дзейнічаць далей. Калі верыць мясцовым уладам, то брукаванку не будуць знішчаць прынамсі ў 2015 годзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?