Французскія парламентарыі падтрымалі законапраект, які забараняе выкарыстанне ў рэкламе і паказах мадэляў адзення занадта худых манекеншчыц.

Залішняя худзізна мадэляў будзе вызначацца, зыходзячы з індэкса масы цела (BMI) — адносінаў вагі чалавека ў кілаграмах да квадрата росту ў метрах.

Для таго каб быць прынятымі на працу манекеншчыцай, дзяўчатам трэба будзе прадаставіць даведку ад доктара аб тым, што іх BMI не менш за 18. Сярод французскіх жанчын гэты паказчык складае ў сярэднім 23,2.

Па словах дактароў, калі ваш BMI у межах ад 18,5 да 24,9, вас можна лічыць здаровым. Аднак крытыкі такога падыходу паказваюць на тое, што гэта не лепшы спосаб вызначэння здаровай вагі.

Нацыянальны саюз мадэльных агенцтваў Францыі скардзіцца на тое, што новы закон ударыць па канкурэнтаздольнасці французскіх мадэляў. Аднак медыкі і абаронцы правоў жанчын вялі доўгую кампанію супраць выкарыстання ў мадэльнай індустрыі выяў дзяўчат, на іх думку, ненатуральнай, нездаровай худзізны.

У 2007 годзе 28-гадовая Ізабэль Каро, у мінулым вядомая французская фотамадэль, памерла ад анарэксіі, незадоўга да гэтага прыняўшы ўдзел у кампаніі, якая распавядае аб гэтым захворванні.

Па новым законе, мадэльнаму агенцтву, які прымае на працу дзяўчат з індэксам масы цела менш 18, пагражае буйны штраф, а яго ўладальнікам — турэмнае зняволенне на тэрмін да шасці месяцаў.

Паралельна быў ухвалены яшчэ адзін законапраект, які выводзіць за рамкі закона заахвочванне анарэксіі і накіраваны на барацьбу з інтэрнэт-сайтамі, якія заклікаюць да небяспечнай страты вагі.

Прыкладна 40 тысяч французаў пакутуюць ад анарэксіі, дзевяць з дзесяці з гэтай колькасці — дзяўчаты і жанчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?