Барыс Кіт. Фота Кастуся Лашкевіча.

Барыс Кіт. Фота Кастуся Лашкевіча.

«Будуць іншыя святкаваць, а не я. Чакаю, што хутка памру, і ніякіх планаў», — сказаў Барыс Уладзіміравіч пра тое, як сустрэне свой чарговы дзень нараджэння.

Ужо 40 гадоў ён жыве ў Германіі. Прыехаў сюды на пенсіі выкладаць матэматыку для салдат на амерыканскіх вайсковых базах. А як адпрацаваў так дваццаць гадоў, то тут і асеў. Але застаецца грамадзянінам ЗША.

А перад гэтым удзельнічаў у распрацоўцы першых амерыканскіх касмічных і ракетных сістэм. Ён першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет.

Вядомы канструктар ракетна-касмічнай тэхнікі Вернер фон Браўн запускаў ракеты на спірце. Але трэ' было вынайсці нешта мацнейшае. І тады перад Кітом паставілі задачу: зрабіць поўны аналіз вадкага вадароду як магчымага паліва.

У чым сакрэт даўгалецця знанага беларуса? «Нічога не раблю для гэтага. Абсалютна», — сказаў Барыс Кіт. Выбіраюся гуляць, «калі добрае надвор’е».

Пра ўнікальнага беларуса напісала сёння ўплывовая нямецкая газета «Frankfurter Allgemeine».

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 у Пецярбургу. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудскай гімназіі. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. З 1933 г. выкладаў матэматыку ў Беларускай гімназіі ў Вільні, а ў 1939 г. стаў яе дырэктарам. У 1940 г. заняў пасаду акруговага інспектара Баранавіцкай навучальнай акругі, арганізаваў пачатковыя і сярэднія школы ў Баранавіцкім, Слонімскім, Валожынскім і Ваўкавыскім раёнах. Аднавіў Беларускую гімназію ў Навагрудку. Быў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.

У часы гітлераўскай акупацыі ратаваў беларускую моладзь ад вывазу ў Германію. Трапіўшы ў рукі гестапа, ледзь не загінуў у турэмным засценку. У 1940-х выехаў у Германію, а затым у ЗША. З сярэдзіны 1960-х удзельнічаў у касмічных праектах.

Веды Барыса Кіта высока ацэнены ў свеце. Ён з’яўляецца акадэмікам Сусветнай акадэміі астранаўтыкі (Парыж), членам Амерыканскага астранаўтычнага таварыства.

У Навагрудку створаны музей Барыса Кіта.

Барыс Кіт у гутарцы з карэспандэнтам «Нашай Нівы» наракаў толькі на адно: рэдка заязджаюць да яго беларусы цяпер.

Правілы жыцця Барыса Кіта

Друкуем асноўныя жыццёвыя прынцыпы, заснаваныя на гутарках з Васілём Быкавым, запісаных у 2000-2001 гг.

faz.de

Найцікавейшая частка майго жыцьця гэта жыццё ў Беларусі

У Пецярбургу жыць далей было немагчыма з прычыны спачатку Лютаўскай рэвалюцыі, а пасля кастрычніцкага перавароту. Але хутка пачаўся страшэнны голад, пракарміцца было немагчыма, таму мае бацькі вырашылі паехаць дахаты, на вёску ў Беларусь. Спачатку мяне адвезлі да крэўных, да маёй цёткі, у вёску Сапатніца, што праз пятнаццаць кіламетраў ад Карэлічаў. У вёсцы таксама быў голад, страшэнны, безумоўна, выкліканы вайной. На жаль, лепш не было. Давялося на першых часох есці крапіву і капаць гнілую бульбу на панскіх палёх.

Пазней мы пераехалі з вёскі Сапатніцы ў Карэлічы, у маленькі дом. Вялікага дома цяжка было пабудаваць, але нейкую хатку мой бацька збудаваў. На жаль, была бедная такая хатка, драўлянай падлогі мы ніколі не мелі, жылі на зямлі, без падлогі. Бацька меў 1 гектар зямлі, і яму ўвесь час даводзілася хадзіць у панскі маёнтак на заробкі. Я спачатку вучыўся ў Карэлічах — у польскай пачатковай школе.

Трэба зазначыць, што беларуская вёска тых часоў заўсёды была патрыятычна настроена на беларускасць. Дзякуючы ёй мы мелі родную мову, якую пазней саветы, калі прыйшлі, сталі вынішчаць. Мае сябры, школьнікі, змагаліся супраць апалячання. Цэнтрам беларускасці былі беларускія гімназіі. Мы таксама дапамагалі палітычнай дзейнасці грамадства.

Напачатку Польшча была дэмакратычная. А пасля таго, як Пілсудскі зрабіў пераварот, у Польшчы ўстанавілася дыктатура, распачалося знішчэнне беларускага этнасу.

Мы, вучні гімназіі, ездзілі па вёсках і закладалі гурткі. Я сам заклаў гурток у Карэлічах, дзе майго бацьку абралі на старшыню. Уся вёска сабралася ў бацькавай хаце і вырашыла заснаваць гурток. Мой бацька быў інтэлігентны чалавек, прыехаў з Пецярбурга. Але, на жаль, Беларуская сялянска-работніцкая Грамада існавала нядоўга.

Камуністы мяне вабілі да сябе ўвесь час. Але што мяне ад іх ратавала? У нас быў дырэктар Цеханоўскі, беларускі нацыяналіст, дык ён узгадоўваў нас беларускімі патрыётамі, заснаваў беларускі гурток і ўсё агітаваў працаваць толькі на беларускую нацыянальную справу. І тым нас выратаваў.

 

У маладосьці ўсе мы былі надта лібэральныя. Як некалі Чэрчыль сказаў: хто да 30 гадоў не быў ліберальны, то ён сэрца не меў, а хто пасля 30 не зрабіўся кансерватарам, то ён галавы не меў. Але мы ўвесь час былі перадусім беларускія патрыёты. Усе 10 год, як я настаўнічаў, я праводзіў беларускасць. Нават у класе па матэматыцы чытаў беларускія вершы, каб захапіць вучняў. Бо каб захапіць матэматыкай, трэба нешта асаблівае рабіць, і я лекцыі пачынаў з вершаў. Чытаў Ільяшэвіча, Хмару, Танка, Арсенневу.

У Польшчы было восем беларускіх гімназій. Найбольш дзейныя: Радашкаўская, Клецкая, Наваградская і Віленская. У 34-м годзе наша Наваградская была ўжо зачыненая. Яны зачыняліся, бо польскія ўлады хацелі асіміляваць Заходнюю Беларусь, якую яны называлі «Крэсы Усходнія». Але беларусы рабілі сваё. Але тое было вельмі цяжка, бо польскія ўлады змагаліся проціў нас. З другога боку, дужа перашкаджалі камуністычныя ўплывы з Усходняй Беларусі, якія давалі ўладам падставу зачыняць гімназіі.

Я быў рэпрэсаваны польскімі ўладамі, сядзеў у розных турмах за Грамаду ў Наваградку, на Лукішках за справу Таварыства беларускай школы. На Лукішках сядзеў разам з Шырмам, які з Хворастам быў у суседняй камеры.

Або вось лёс выдатнага беларускага пісьменьніка і драматурга Аляхновіча, які прабыў шмат год на Салаўках. Яшчэ да вайны яго выменялі на Браніслава Тарашкевіча. Тады Аляхновіч прыехаў у Вільню, напісаў славутую кнігу «У кіпцюрох ГПУ», якая разышлася па свеце ў дзесяці ці болей мовах.

Аднойчы, як я ехаў да свае хаты ў Лебедзеве, мяне арыштавалі і пасадзілі ў турму. 30 дзён я сядзеў у Глыбокім. Мяне абвінавачвалі, што я нібыта маю сувязь з партызанамі, што я англа-амерыканскі шпіён і г. д. Умовы ў турме былі страшэнныя — на дварэ сцюжа, а ў склепе стаяла адна печка, якая заўсёды капціла. Я накрываўся кажухом, каб зберагчы вочы. Кожную ноч чакаў сьмерці. Нас было там чалавек 30, дык кожную ноч расстрэльвалі чалавек 25, на наступны дзень зноў нагоняць і зноў бальшыню расстраляюць уначы. I так цягам месяца. Мне шчасьціла заставацца ў ліку тых пяці.

 

У Амерыку я прыехаў адным з самых першых.Спярша тыдні два мы мусілі жыць у гатэлі, у Нью-Ёрку. Трэба было падумаць, што рабіць далей. Я ведаў, што нашыя беларусы ўжо некалі прыязджалі сюды і недзе сяліліся. Найбольш у штатах Нью-Ёрк і Нью-Джэрсі. Непадалёк быў гарадок Саўт-Рывэр — «Паўдзённая рака» па-беларуску, там жылі старыя эмігранты. Я туды і паехаў. І знайшоў там беларусаў нават з дзявочым прозвішчам маёй жонкі Корсак. Але працу я дастаў у суседнім горадзе Нью-Брансвіку, на вялікай фармацэўтычнай фірме. Пасля я самавукам авалодаў ангельскай, што ўвогуле мне давалася няцяжка, бо я добра ведаў нямецкую і французскую.

У Каліфорніі я не меў крэўных ды і знаёмых таксама. Хіба што ў адной сям'і мог нядоўга начаваць. I я шукаў працу. З працай, як заўжды, было дужа цяжка. Тады запісаўся чорнарабочым на фабрыку тэлевізіі. Пасля прыйшло паведамленне, што мяне прынялі ў адну хімічную лабараторыю хімікам. Хімічная лябараторыя доктара Ховарда ў Лос-Анджэлесе, праз некалькі крокаў ад самога Галівуда. Аднак я папрацаваў там толькі пару месяцаў. Пасля мяне прыняла іншая, багацейшая, фармацэўтычная фірма.

У Каліфорніі я спаткаў найвыдатнейшых вучоных Амерыкі, працаваў з доктарам Джонам Брэквалам. Гэта быў геніяльны матэматык, якога клікалі для кансультацыі ў розныя аддзелы маёй фірмы. Дык ён на вырашэньне цяжкіх пытаньняў па матэматыцы заўсёды запрашаў мяне. То быў найшчасьлівейшы пэрыяд майго жыцьця…

У 1972-м годзе я выйшаў на пенсію з дзяржаўнай працы ў Вашынгтоне. Апошнім часам я там працаваў у міністэрствах абароны, камунікацыі, камерцыі і транспарту. Ва ўсіх гэтых міністэрствах мы, матэматыкі, рабілі адну справу — развівалі новыя метады падняцця эфэктыўнасці адміністрацыйнай дзейнасці.

Пасля выхаду на пенсію я выкладаў матэматыку ў Мерыляндскім універсытэце, стаў поўным прафесарам. Неўзабаве атрымаў прапанову паехаць у Еўропу. У Нямеччыну я я прыехаў і пачаў выкладаць матэматыку, пражываючы ў Франкфурце-на-Майне, дзе знаходжуся аж да сёння.

Аднойчы ў Франкфурце мне патрэбна было перакласці некаторыя дакументы на нямецкую мову, і я зайшоў да адной перакладчыцы, якая паходзіла з Вільні. І яна мяне пазнаёміла з Тамарай. Яна нарадзілася ў Кіеве. Тады я быў яшчэ даволі малады і жвавы, і ў нас з Тамарай пачалося цеснае знаёмства. У нас з ёй знайшлося шмат супольных інтарэсаў. Мяне захапіла яе інтэлігентнасць, любоў да мастацтва, яна першакласна грае на раялі, няблага спявае, а ў маладыя гады была балярынай. Тое ўсё разам дапамагло мне жыць у Франкфурце. Гэтак мы разам жывём аж 30 гадоў, хоць жывем у розных кватэрах. Яна ёсць мая спадарожніца жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?