Учорашнія праверкі ў офісе Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі «Грамада», на думку выконваючага абавязкі старшыні партыі Анатоля Ляўковіча, сярод іншага могуць ускосна сведчыць аб тым, што лідэр БСДП і былы кандыдат на прэзідэнта Аляксандр Казулін бліжэйшым часам можа выйсці на волю.

Нагадаем, учора ў штаб‑кватэру БСДП‑Г завітаў з праверкай супрацоўнік аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю ўпраўлення ўнутраных справаў Ленінскага раёна Мінска. Ужо праз тры гадзіны да сацыял‑дэмакратаў завіталі яшчэ тры супрацоўнікі інспекцыі па падатках і зборах па тым жа раёне. На думку Анатоля Ляўковіча, на парадку дня ўладаў пытанне аб закрыцці офісу, а затым і партыі.

‑ Рэч у тым, што па гэтым юрыдычным адрасе зарэгістравана 5 раёных арганізацый. Таму, у выпадку, калі нас адсюль выштурхнуць, сітуацыя складзецца вельмі сур’ёзная. Не выключаю закрыцця партыі.

Палітык мяркуе, што такім чынам улады рыхтуюцца да датэрміновага вызвалення Аляксандра Казуліна, прызнанага міжнароднай супольнасцю вязнем сумлення.

‑ Ходзіць шмат чутак аб хуткім вызваленні Казуліна. І цалкам верагодны такі варыянт, калі ён выходзіць, а партыі няма. У нашай краіне ўсё магчыма.

Нагадаем, што на мінулым тыдні беларускія ўлады выпусцілі датэрмінова прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, а таксама лідэра «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча.

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0