Аферысты, якія беспакарана кленчаць грошы з партрэтамі дзяцей, робяцца ўсё больш нахабнымі.

Днямі натыкаемся на цёмненькую дзяўчыну у пераходзе ля Мінгарвыканкама (30 секунд пехатой да ганка афіцыйнай установы). Да ўваходу ў Палату прадстаўнікоў з гэтага месца — максімум дзве хвіліны сярэднім крокам. 

Дзяўчына трымае ў руках партрэт, кажа, што на ім — выява яе хворага брата Мікалая. За паўтары хвіліны гутаркі «сястрыца» ўмудрылася бязбожна схлусіць аж чатыры разы. 

Дыягназу яна назваць не можа, хоць хвароба распісаная на паперцы: грубая дэфармацыя суставаў ад нараджэння. Але «сястра» высоўвае іншую версію.

«Ён быў нармальны, але трапіў у аварыю. Цяпер не можа хадзіць, і рукі і ногі ў яго крывыя», — выдае яна.

Цікавімся прозвішчам брата, дзяўчына называе яго «Малінчыкам». На паперцы ж напісана, што той Маліноўскі.

«Я проста пераблытала, прабачце», — строіць з сябе нявінніцу «сястра».

Дарэчы, сапраўднае імя мамы Мікалая Маліноўскага — Святлана Васільеўна. Але дзяўчына з перахода гэтага не ведае і называе яе Аксанай Раманаўнай.

Высвятляем, што Мікалай Маліноўскі сапраўды жыве ў Калінкавічах і з’яўляецца чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі. Толькі гэтая інфармацыя і пацвердзілася. У мясцовым райвыканкаме Еўрарадыё падказваюць мабільны нумар тэлефона яго маці. Стацыянарнага нумару у іх няма. Мабільнік аказваецца адключаным. Высвятляецца і тое, што па нацыянальнасці сям’я цыганская.

***

У нядзелю, 5 красавіка, трапляем на жанчыну з партрэтам дзяўчынкі ля супермаркета «Гіпа» на Жукоўскага (Мінск). Збірае 600 еўра нібыта на спецабутак. Фатаграфуем «добрую душу», і тая імкліва сыходзіць з месца працы.

Нагадаем, што ў СМІ асвятляўся шэраг гісторый пра тое, як вулічныя махляры зарабляюць на хворых дзецях. Аферыстаў так шмат, што часам застаецца толькі выйсці з камерай у люднае месца і адфільмаваць чарговую «няшчасную мамачку».

Праваахоўныя органы не бяруцца распачынаць крымінальныя справы па артыкуле «Махлярства», бо для гэтага ў Беларусі нібыта няма належнай юрыдычнай базы. Да мінскай сям’і Іванцовых, якія за руку злавілі махлярку з партрэтам іх дачкі, дайшла інфармацыя аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да зламысніцы. Але каб караць махляроў, патрэбныя сведчанні ад людзей, якія давалі тым грошы.

Маральныя пакуты, якія церпяць бацькі хворых дзяцей, увогуле не бяруцца ў разлік.

У матэрыяле газеты «Беларусь сегодня» сябра камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Наталля Гуйвік дзеянні псеўдамаці, якія жабруюць з партрэтамі чужых хворых дзяцей, разгледзела як папрашайніцтва.

«У нас у краіне людзі просяць міласціну ў выключных выпадках», — так выказалася па праблеме дэпутат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0