17 студзеня ў Бярозе (Берасьцейская вобласьць) адбыліся грамадзкія «слуханьні» пра вытворчасьць пэстыцыдаў на замежным прадпрыемстве «Франдэса», якое было адчыненае побач зь Бярозаю летам мінулага году.

Па праўдзе кажучы, «слуханьнямі» тое мерапрыемства, якое раённыя ўлады разам з уласьнікам і адміністрацыяй прадпрыемства «Франдэса» вымушаныя былі правесьці пад ціскам пратэстаў немалой часткі жыхароў раёну, назваць даволі складана. Бо арганізатары «слуханьняў» не далі магчымасьці прысутным паслухаць аргумэнты апанэнтаў «Франдэсы».

Былы нампаліт вайсковай часткі сп. Уладзімер Касьянаў, якому даручылі весьці мерапрыемства пад назваю «слуханьні», умела, па‑нампалі¬таўску, надаў «слуханьням» форму адказаў на пытаньні. У выніку тыя, хто прыйшоў на гэтае мерапрыемства, маглі толькі задаваць свае пытаньні наконт «Франдэсы», на якія адказвалі ўласьнік «Франдэсы» Барыс Фрыцаліс, іншыя прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства, навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук, якія з «Франдэсаю» супрацоўнічаюць, а таксама прадстаўнікі розных дзяржаўных установаў з раёну, вобласьці і сталіцы.

Спробы некаторых з прысутных (напрыклад, спн. Тамары Шчапёткінай, а таксама акадэміка Івана Нікітчанкі, які цяпер займаецца пытаньнямі экалёгіі і спэцыяльна прыехаў на слуханьні зь Менску) выказаць сваё асабістае меркаваньне наконт небясьпекі такой вытворчасьці каля Бярозы «дэмакратычна» абрываліся вядоўцам мерапрыемства. Ён прасіў «задаваць пытаньне».

Ён жа, а таксама сп. Генадзь Курыловіч, кіраўнік ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму, які падносіў мікрафон тым у залі, хто хацеў задаць пытаньне альбо даваў адказ, дазвалялі сабе даваць камэнтары адносна саміх пытаньняў і асобаў, што іх задавалі (маўляў, ну, колькі ўжо гэтая спн. Шчапёткіна будзе задаваць свае пытаньні).

Дарэчы, «слуханьні» былі арганізаваныя ў працоўны дзень а 14‑й. Так што за вынікі галасаваньня і «карцінку» можна было асабліва не хвалявацца. Але вырашылі перастрахавацца і правесьці мерапрыемства амаль што ў найлепшых савецкіх традыцыях. Публіку ж падабралі адпаведную, якой дазволена было і працоўны час скарыстаць бяз страху быць пакаранымі за прагул.

Выбраную схему трохі зламаў сп. Юры Губарэвіч. Як на яго ні шыкалі з залі: хто ён такі, дзе ён цяпер жыве і кім працуе, — ён з падрыхтаваным на пяць хвілінаў выступам умудрыўся нават выйсьці да мікрафону на трыбуну. Аднак вядоўца ня даў яму магчымасьці дагаварыць. Маўляў, тры хвіліны на выступ скончыліся. Просіш трыццаць сэкундаў, каб зачытаць вельмі важную інфармацыю, што тычыцца здароўя жыхароў Бярозы, давай яе ў прэзыдыюм — мы пачытаем. Намесьнік старшыні Партыі БНФ ня стаў учыняць бойкі за мікрафон з чалавекам нашмат старэйшым за яго (міліцыянты, напэўна, ужо былі падрыхтаваныя) і мусіў сысьці са сцэны.

Тым ня менш, ініцыятары збору подпісаў супраць «Франдэсы» шмат чаго дамагліся. Прыцягнулі пільную ўвагу дзяржаўных установаў. Дамагліся прыпыненьня вытворчасьці на прадпрыемстве, пакуль ня будзе завершаная яго экалягічная экспэртыза. Т. Шчапёткіна агучыла ўсё ж свае заўвагі пра тое, што ў будучыні прадпрыемства плянуе вытворчасьць больш шкодных рэчываў, чым цяперашні «Шквал». На што Б. Фрыцаліс толькі нэрвова адказваў: «Ну што Вы цяпер гаворыце пра 16‑ты год. Мы што, зараз будзем абмяркоўваць 16‑ты год?» (Маецца на ўвазе пуск трэцяга цэху (у 2012—2016 гг.), у якім будзе наладжаны выпуск некалькіх відаў актыўных рэчываў для вытворчасьці пэстыцыдаў). Падумалася, што ня вельмі ўпэўнена адчувае сябе сп. Фрыцаліс, пры тым, што ўжо на цяперашні час тры тысячы грамадзян Бярозаўскага раёну сказалі сваё катэгарычнае «не», падпісаўшыся супраць «Франдэсы». Тыя 148 «за», здабытыя па вядомых тэхналёгіях для галачкі, на якія спасылаецца цяпер грамадзянін сонечнага Ізраілю — камарыны піск.

Так званыя «слуханьні» скончыліся, але барацьба за выдаленьне «Франдэсы» зь Бярозаўскага раёну, які ў 2007 г. стаў рэкардсмэнам у Берасьцейскай вобласьці па выкідзе забруджвальных рэчываў ад стацыянарных крыніц, будзе працягвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?