10 студзеня, падчас мітынгу прадпрымальнікаў, я быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу, апранутымі ў цывільнае. Я катаўся на каньках каля галоўнай Ялінкі краіны: спачатку я быў зь бел‑чырвона‑белым сьцягам, пасьля пакінуў сьцяг сябрам і працягнуў катацца безь яго. На мяне, падбягаючы, накінуліся два моцныя мужчыны. Я ўпаў, яны ўпалі на мяне. Дзьве мае сяброўкі спрабавалі мяне абараніць, але амапаўцы адкінулі іх, схапілі мяне за рукі за ногі і панесьлі за Палац Рэспублікі. Мяне паставілі на ногі (у каньках!), выгнулі рукі і павялі, лаючыся матам, у машыну.

У машыне мне далі дазвол перамяніць абутак. Я чакаў на працягу 40 хвілін, увесь час за мной назіралі. Я агледзеў сябе і ўбачыў, што мне парвалі куртку. Потым мяне перасадзілі ў іншую машыну і павезьлі ў Цэнтральны РУУС. Па дарозе яны зьдзекаваліся зь мяне (маральна), прыніжалі. У Цэнтральным РУУСе я сустрэў спадара Сіўчыка, якому прысудзілі суткі. Я быў адведзены да інспэктара па справах непаўналетніх. Амапаўцы склалі на мяне рапарт. Калі інспэктар пацікавіўся, чаму са мной не было сьцяга, за які мяне затрымалі, амапаўцы абгрунтавалі гэта тым, што ім быў дадзены загад затрымаць менавіта мяне. Пасьля гэтага яны сышлі. Шмат абставін у рапарце не было пазначана(напрыклад, пра канькі), ён увогуле амаль не адпавядаў рэчаіснасьці.

Праз 15 хвілін прыйшла мая маці і забрала мяне дахаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?