Яны ездзяць на вялікіх турыстычных аўтобусах, часам двухпавярховых, на якіх з камфортам можна прыехаць нават з Антарктыды. Яны выходзяць на свет з гэтых аўтобусаў, перавальваючыся, аддыхваючыся так, быццам пераадольваюць не пяць прыступак, а ўзыходзяць на Эверэст. Яны ніколі не заўважаюць цябе, бо ты для іх – абарыген, прадстаўнік таямнічага мясцовага насельніцтва. Яны кантактуюць толькі ўнутры сваёй чарады.

Яны бываюць рознага полу і ўзросту, аднак аднекуль узнікае адчуванне, што і пол, і ўзрост у іх прыкладна аднолькавы. І што ён адрозны ад таго полу і ўзросту, які ўласцівы людзям.

Стандартны пінгвін заўсёды мае з сабой некалькі адметных рэчаў.

Па-першае, гайд. Звычайна навюткі, бо пінгвін не любіць карыстацца юзанымі рэчамі і не папросіць гайд у сябра, нават калі сябар быў у той Празе толькі два тыдні таму і ягоны гайд яму болей не патрэбны. Калі гайду ў пінгвіна няма, ягоную ролю адыгрывае гід. Гайд і гід – без іх пінгвін бездапаможны. Выкінь такога з пінгвінбуса ў цэнтры Парыжа ці Бухарэста з плацінавай «Віза кард» – ён не здолее знайсці сабе гатэль. Ён будзе соўгацца па акрузе, марна спрабаваць звязацца са сваёй турфірмай, пакуль яго не з’ядуць ваўкі.

Пінгвіны не тое каб зусім нічога не бачылі і не чулі, але іх пачуцці крыху прытупленыя іхнай пінгвіністасцю. Таму гіды звычайна камунікуюць з чарадой пінгвінаў праз гучнагаварыльнік. Здараюцца выпадкі, калі пінгвіны валакуцца за чырвоным парасончыкам, які трымае ў руках гід.

Яшчэ ў пінгвіна заўсёды ёсць ссабойка, каб не згаладаць, пакуль пінгвінбус едзе з музея ў рэстаран.

І, канечне, фотаапарат.

Фотаапараты ў свеце пінгвінаў – галоўнае адрозненне ўнутры статку, статусная рэч, індыкатар пінгвіністасці пінгвіна. Люстраны «Кэнан» адразу прыўзнімае пінгвіна над астатнімі, робіць яго амаль не пінгвінам, а сур’ёзным фотавандроўнікам. Любы пінгвін марыць аб тым, каб болей не ўспрымацца пінгвінам. На пінгвінаў з іншых пінгвінбусаў пінгвін глядзіць з пагардай. Але ўсё ж такі доля ўладальнікаў «Кэнанаў» тут вельмі мізэрная. Пінгвіны аддаюць перавагу пятаму айфону.

Яшчэ адна абавязковая для пінгвіна рэч – монапод для айфона. Гэта такая палка з трымальнікам на канцы (цана пачынаецца з $40). Монапод патрэбны пінгвіну дзеля таго, каб рабіць сэлфі. Сэлфі пінгвін робіць увесь час. Так ён даказвае, што ён жывы.

Навошта пінгвінам патрэбны монапод? Таму, што лапкі ў пінгвінаў вельмі кароткія і не выкручваюцца такім чынам, каб і Эйфелева вежа была добра бачная і пінгвін атрымаўся прыгожанька.

Пінгвін можа выглядаць немцам, французам, амерыканцам, рускім, кітайцам, але заўсёды застаецца пінгвінам, асобнай нацыяй, што ўзнікла гадоў 40 таму.

Калі ў некім месцы з’явіліся пінгвіны, ведайце: месцу капец. Некалі я вельмі балюча перажываў высадку пінгвінаў у маім любімым Стамбуле. Навокал казалі: не хвалюйся, Стамбул і не тое перажываў. Але мае падазрэнні спраўдзіліся: цяпер абсалютна няма што там рабіць, у гэтым Стамбуле. Цэны як у Берліне, у Ая Сафію чэргі, у Цыстэрне натоўп нават у снежні, калі натоўпу быць у прынцыпе не можа.

Некалі пінгвіны высадзіліся ў Бангкоку, і цяпер у Каралеўскі палац ходзяць толькі самагубцы: нават калі не затопчуць, дык зафатаграфуюць да смерці. Пра Прагу вы ведаеце: увесь яе цэнтр ператварыўся ў суцэльную чаргу. Ты не ідзеш – ты валачэшся за групамі пінгвінаў, якія рухаюцца з рознай хуткасцю. Можаш, канечне, паспрабаваць «пашахмаціць» і апярэдзіць некалькі груп, аднак адразу ўпрэшся ў чарговую чародку.

Пінгвіны псуюць усё, да чаго датыкаюцца: рэстараны, ля якіх спыняюцца пінгвінбусы, даражэюць, ежа там робіцца нясмачнай і аднолькавай, каб адпавядаць глабалізаваным запытам пінгвінаў.

Тэатры, ля якіх топчуцца пінгвіны, пачынаюць ставіць не тое, што прыгожа, а тое, што ад іх чакае чарада: дасведчаныя меламаны ведаюць, напрыклад, як пінгвінізаваўся рэпертуар Венскай оперы.

Пінгвінам трэба няшмат, але гэтага няшмат ім трэба як найболей. Яны ніколі не гандлююцца.

Цішоткі «Ай лав Берлін». Магніцікі з траверцінамі ў памукале. Сумка з пацалункам Клімта. Шакалад у Брусэлі. Пажэрці «чым гэты горад вядомы». Я на ўласныя вочы бачыў, як статак пінгвінаў ля ратушы ў Брусэлі жэр малюскаў, заядаў іх бельджыюм фрайз і запіваў вішнёвым півам, бо і першае, і другое, і трэцяе – турыстычныя адметнасці Бельгіі.

Я хадзіў у Пергамскі музей у Берліне тры разы.

У першы раз пабачыў чаргу і сышоў. У другі пабачыў чаргу, стаў, пастаяў, праз паўгадзіны пачаўся буран, і я сышоў. На трэці раз я прыйшоў па сур’ёзцы і вырашыў стаяць да апошняга. Нават калі пабачыў шыльдачку «Ад гэтага месца да касы – прыкладна дзве гадзіны». Я перажыў дождж, снег і сумневы ў сабе. Я прабіўся ў Пергам. І даведаўся, што алтар Зеўса закрыты да 2020 года. Пінгвінаў гэта не засмуціла. Пінгвіны набіліся ў Пергам не глядзець алтар, а рабіць сэлфі.

Горад псуецца пад уздзеяннем пінгвінаў павольна, але незваротна.

Спачатку на тым месцы, дзе была ваша любімая кавярня, з’яўляецца крама, што гандлюе цішоткамі «Ай лав Берлін», магніцікамі, бірулькамі і пацалункамі Клімта. Потым кандытэрыя, дзе вы некалі набывалі хатняе печыва і імбірную гарбату, пачынае гандляваць монаподамі для айфона. Заканчваецца гэта самым страшным: з’яўленнем пасыпаных алюмініевай фарбай жывых статуй. Калі бачыце жывую статую, ведайце: з горада трэба бегчы. І не аглядацца.

Вайна, якую абвясцілі пінгвіны людзям, ужо скончылася. Нашай поўнай паразай. Пінгвіны цяпер паўсюль: у Маскве, у Вашынгтоне, у Вятцы, у Кракаве, у Парыжы, у Янгоне, у Ханоі, у Бангкоку.

Іх няма толькі ў адным месцы на Зямлі. Якое яны, мабыць, палічылі не прыдатным для іх пінгвінячага монаподнага сэлфавання на айфон.

Гэтае месца завецца Беларусь.

І гэта, чорт мяне бяры, яшчэ адна прычына моцна і палка любіць нашую радзіму!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?