Палітоляг Аляксандар Фядута пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з паслом Нямеччыны ў Беларусі Гебхартам Вайсам.

«Насамрэч менавіта зараз Аляксандар Лукашэнка спрабуе наладзіць адносіны з Эўропай. І акурат з паслом краіны, якая з усіх заходнеэўрапейскіх краінаў найбольш ляяльна ставіцца да Беларусі. З паслом, які дагэтуль працаваў у Казахстане, і мае з чым параўноўваць. Як, дарэчы, і мінулы амбасадар Нямеччыны Марцін Хекер, што працаваў да Беларусі ва Ўзбэкістане. Лукашэнка фактычна паскардзіўся Вайсу на падвойныя стандарты, якія прымяняюцца заходнімі краінамі ў дачыненьні да беларускіх уладаў. Патлумачу: Захад значна лепш ставіцца да Назарбаева з Карымавым, чым да Лукашэнкі. І цэніць Эўропа іх за тую ж стабільнасьць, якой хваліцца і беларускі прэзыдэнт — кантролем за сытуацыяй, барацьбой з наркатрафікам і г. д. Фактычна ён даводзіць, што ня горшы за сваіх калегаў і чакае да сябе адпаведнага стаўленьня.

Не забываем таксама, што Лукашэнка сустрэўся з паслом краіны, якая мае сёньня вызначальную вагу ў Эўропе. Нашай апазыцыі ў дадзеным выпадку ня трэба бегчы да іншых паслоў, каб пажаліцца, маўляў, Нямеччына не разумее нас, ня ведае, што робіць. Выдатна немцы ўсё ведаюць і разумеюць. А дыялёг трэба камусьці пачынаць, і Лукашэнка падрыхтаваў для яго глебу. Адзінае, што дарадцы яму не расказалі, што перш чым сустракацца з паслом дзеля абмеркаваньня такіх пытаньняў, трэба мець за сабой падтрымку большасьці грамадзтва. А ён такой падтрымкі сёньня ня мае. Каб яе здабыць, трэба рабіць канкрэтныя крокі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?