Інтрыга, звязаная з продажам дзяржаўнага пакету акцый прадпрыемства «Мабільная лічбавая сувязь» (Velcom) атрымала нечаканы працяг. Зьявіліся зьвесткі Нацыянальнага банку Беларусі, зыходзячы зь якіх можна падлічыць суму дамовы.

Нагадаем, што ў жніўні 2007 г. беларуская дзяржава без правядзеньня тэндэру прадала сваю долю (51 %) ў прадпрыемстве «Мабільная лічбавая сувязь» іншаму яе заснавальніку, кампаніі SB‑Telecom. Сума дамовы не называлася.

Галоўная інтрыга зьявілася ў кастрычніку, калі кіпрскі SB‑Telecom цалкам перайшоў ва ўласнасьць Telekom Austria Group за суму 1,05 млрд эўра. Узьнікла падазрэньне, што на апэрацыі Беларусь згубіла ад 200 да 400 млн даляраў ЗША, як пра гэта зазначыў А. Мілінкевіч у адмысловай заяве.

На мінулам тыдні Нацбанк даў магчымасьць усім цікаўным упэўніцца ў слушнасьці такой ацэнкі, надрукаваўшы плацёжны баланс Беларусі за ІІІ квартал 2007 г. Аднак, адразу ж зьявіліся розныя вэрсіі наконт велічыні сумы, атрыманай ад продажы акцый. Так, АФН паведаміла, што дзяржаўная доля МЛС была прададзеная за 344 млн. дал, а "Беларускія навіны" далі іншую лічбу — $290 млн. Блытаніна ўзьнікла таксама і з тым, што журналісты паблыталі суб’ектаў зносін — Беларусь і ўрад Беларусі.

Зьвярнуўшыся да плацёжнага балянсу, мы ўбачым, што за першыя тры кварталы 2007 г. у Беларусь паступіла 1058,7 млн даляраў наўпроставых замежных інвэстыцый у форме акцыянернага капіталу. Сума, атрыманая ад продажу акцый Velcom у дакумэнце не пазначана. Аднак ведаючы суму дамовы па продажы 12,5 % акцый «Белтрансгазу» (625 млн. даляраў), а таксама памер іншых паступленьняў (183,7 млн даляраў), лёгка знайсьці розьніцу, якая складае роўна 250 млн даляраў. Менавіта столькі было атрымана за акцыі мабільнага апэратара. І тут большасьць журналістаў дапусьціла памылку, палічыўшы, што гэтыя сродкі паступілі за ўвесь дзяржаўны пакет акцый. Насамрэч, у тэксьце вышэй згаданага дакумэнту ясна пазначана, што сродкі паступілі ад продажы «долі ўраду Рэспублікі Беларусь». Гэтая доля складала ў статутным фондзе МЛС толькі 30,9 %, у той час як 20 % належалі ЗАТ «Белтэхэкспарт», а 0,1 % — РУП «Белтэлекам». Такім чынам, у плацёжным балянсе адлюстравана толькі тое, што ў бюджэт паступілі 250 млн даляраў менавіта за тыя 30,9 %. Дзе грошы ад продажу астатніх 20,1 % — сказаць цяжка. Магчыма, яны паступілі ў бюджэт у IV квартале альбо паступяць сёлета.

Простая арыфметыка паказвае, што доля дзяржавы (ня ўраду!) у МЛС была прададзеная не за 290 і не 344 млн даляраў, а за 412,6 млн. Агульная сума дамовы па перапродажы Velcom афшорнай кіпрскай кампаніяй аўстрыйцам склала каля аднаго з паловай мільярда даляраў. Такім чынам, беларускія ўлады недаацанілі дзяржаўную долю прыкладна на 360 млн. даляраў. Акурат такую лічбу, дарэчы, дае аналітычная служба Руху за Свабоду, камэнтуючы зьяўленьне новых статыстычных зьвестак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?