Перад судом паўстаў былы намеснік старшыні — начальнік упраўлення фінансаў і тылу УУС Гомельскага аблвыканкама Сяргей Зайцаў. Яго арыштавалі 1 ліпеня 2014.

Абвінавацілі ў злоўжыванні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Як даведалася «Наша Ніва», па версіі абвінавачання, Зайцаў заключыў дамову з будаўнічай фірмай на рамонт Добрушскага РАУСа па завышанай цане. А грошы дасталіся фірме, сузаснавальніцай якой з’яўляецца яго маці.

«Перадаверыўся людзям…»

Палкоўніку Сяргею Зайцаву 47 гадоў. Разведзены. У органах служыць з 1994 года. На пасаду намесніка начальніка абласной міліцыі прызначаны ў красавіку 2008.

Патрэба ў рамонце будынка Добрушскага РАУСа, у якім знаходзіцца аддзел па грамадзянстве і міграцыі, была. «У вельмі жахлівым стане знаходзілася памяшканне: падлога правальвалася», — тлумачыў Зайцаў.

Але працэдуру не правялі належным чынам. Конкурсная камісія мусіць атрымаць не менш за тры прапановы. А ў Добрушы выкананне замовы аддалі адразу канкрэтнай фірме — групе кампаній «Інтэрманаліт».

У дамове паміж аблвыканкамам і «Інтэрманаліт» фігуравала сума — 253 мільёны рублёў. Але пасля заключылі дадатковае пагадненне, і сума ўзрасла. У выніку УУС нанесена шкода — 68 мільёнаў рублёў. Эксперты палічылі, што агульная сума завышана наўмысна.

Зайцаў спасылаецца на тое, што нічога не разумее ў будаўніцтве, таму падпісваў усе дакументы пасля таго, як іх падпішуць іншыя.

«Мая віна ў тым, што перадаверыўся сваім падначаленым. Але аб’ём работы такі быў, што трэба было кантраляваць усю вобласць, і пераправяраць усю гэтую справу ў мяне не было магчымасці. Мая віна ў тым, што недастаткова кантраляваў і недаправяраў падначаленых».

Былы міліцэйскі начальнік расказаў на судзе, што на момант падпісання дамовы з «Інтэрманалітам» не ведаў пра датычнасць маці да фірмы. Даведаўся ж нібыта выпадкова: «Убачыў у мамы ліст з раённага суда, што арганізацыя камусьці вінная грошы. Яна сказала: «Вось папрасілі мяне паўдзельнічаць у якасці сузаснавальніка».

500 тысяч шкоды

Іншы эпізод, па якім судзяць Зайцава, тычыцца рамонту яго «Мазды 3» у 2011 годзе. Машыну прывезлі з ЗША бітай. Адзін з падначаленых, Ч., параіў звярнуцца да аўтаслесара УУС Сінянцова, які дома займаецца рамонтам. Маўляў, будзе танней. Ч. адагнаў машыну і ўзяў $400 для рамонтніка.

«Пачалі хадзіць чуткі, што мяне здымуць з-за маёй машыны… Я стаў аналізаваць, адкуль гэтая тэма магла ўзнікнуць. У той час я ляжаў у бальніцы. Баяўся, што Ч. рамантаваў машыну на тэрыторыі аўтагаспадаркі УУС. Паехаў да Сінянцова. Ён сказаў, што дома рамантаваў, але ў працоўны час. «Ч. так сказаў». Высветлілася, што Сінянцоў за працу атрымаў толькі 100 тысяч», — расказаў Зайцаў.

Супрацоўнік аўтагаспадаркі УУС не менш за тыдзень займаўся машынай міліцэйскага начальніка ў сваім гаражы ў працоўны час. А заробак на працы атрымаў поўны: сума шкоды ацэнена ў 550 тысяч рублёў. Па версіі абвінавачання, Зайцаў загадаў усё правесці праз бухгалтэрыю.

«Абгаворыць альбо сам сядзе»

Палкоўнік сваю віну не прызнае. Кажа, што яго маглі абгаварыць для таго, каб пазбегнуць адказнасці. У выпадку з рамонтам будынка РАУСа, намеснік, які курыраваў гэта пытанне, у рэальнасці не паспяваў зрабіць усё па інструкцыі і падрыхтаваў фіктыўныя дакументы. «Думаю, яму [намесніку] прапанавалі: альбо гаворыць на мяне, альбо сам сядзе ў турму». А ў выпадку з машынай схема магла быць зроблена наўмысна: у выпадку, калі «я стану ўпоперак дарогі, каб мяне агаварыць, ачарніць. І вось цяпер я знаходжуся пад арыштам».

Палкоўніку пагражае да 10 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?