Гомельскага праваабаронцу-вясноўца Леаніда Судаленку запрасілі ў Швецыю на канферэнцыю «Дзень праваабаронцы». Але першы дзень канферэнцыі для яго пачаўся з тэлефанавання жонкі. «Мяне міліцыя забрала з работы, у нас дома будзе ператрус».

Удома ў праваабаронцы правялі, гаворачы юрыдычнай мовай, не вобшук, а агляд. Вынікам гэтага стала канфіскацыя, дакладней, «выманне» сістэмнага блока камп'ютара, а таксама ноўтбука.

6 камп'ютараў міліцыя забрала ў доме па адрасе Палеская, 52 — супольнай сядзібе незалежных арганізацый Гомеля, дзе працуе і Судаленка.

Як расказаў Васіль Палякоў, намеснік Анатоля Лябедзькі ў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, міліцыянты прыйшлі з пастановай на вобшук і санкцыяй пракурора. Яны патлумачылі, што з IP-адраса, атрыманага абанентам на Палескай,52, нібыта быў дасланы парнаграфічны ролік, і таму заведзена крымінальная справа. 

Дарэчы, пры далучэнні да Wi-Fi абанент атрымлівае таксама аналагічны IP-адрас, як і на Палескай, 52, кажуць у Гомелі.

Жонка Леаніда Судаленкі паведаміла трохі больш падрабязнасцяў пра справу. Нібыта, 6 сакавіка на мэйл падатковай інспекцыі ды іншых дзяржструктур прыйшло віншаванне з Жаночым днём у выглядзе парнаграфічнага роліка. Прычым прыйшло з мэйла праваабаронцы Судаленкі.

«Гэта лухта і дзікасць, — сказаў «Нашай Ніве» Судаленка. — Па-першае, жонцы паказалі нейкі паштовы адрас на mail.ru, а я не карыстаюся расійскім сэрвісам, я маю пошту на gmail-е. Па-другое, любую пошту лёгка ўзламаць, а ІР-адрас хакер з лёгкасцю можа змяніць. Па-трэцяе, я юрыст, праваабаронца, ведаю законы. Няўжо нехта паверыць, што я мог так хуліганіць?»

Міліцыя не абмежавалася вывазам камп'ютараў. Яна яшчэ забрала на допыт 18-гадовага сына Судаленкі, які акурат у той момант вярнуўся з ваенкамата (ён ідзе ў армію). І вось, што ў яго пыталіся, пералічвае Судаленка: «Кім працуе тата? Чым займаецца? На якой машыне тата ездзіць? Калі ён апошні раз быў удома? Ці ўваходзіць ён у палітычныя партыі? І ці «састаіць» у апазіцыі?»

Усяго ў Судаленкі чатыры сыны. Старэйшаму 28 гадоў, малодшаму — 5.

50-гадовы здаравяк Леанід Судаленка не хавае сваёй горычы. Ён нагадвае, што тры месяцы дабіваўся ад міліцыі расследавання пагроз ягонаму сыну, што прагучалі на адным з мясцовых сайтаў, які ён звязвае з уладнымі структурамі.

Судаленка не схільны праводзіць паралелі з нядаўнім выманнем камп'ютараў у праваабаронцаў-вясноўцаў у Магілёве. 

Ніколі раней у праваабаронцаў і актывістаў у Гомелі не вымалі тэхнікі на такой падставе. «Але мне сёння тут расказалі ўзбекскія калегі, — кажа Судаленка, — што ў іх такія паклёпніцкія абвінавачванні часта практыкуюцца».

Ягоныя калегі з Гомеля пакуль не наважваюцца меркаваць, што стаіць за такой атакай. Гэта «звычайнае» перыядычнае застрашванне для падтрымання ўзроўню страху ў грамадстве, гэта ўдар па актыўным праваабаронцу Судаленку, гэта чарговая атака на вясноўцах ці ўскосная спроба аслабіць прыхільнікаў Анатоля Лябедзькі, які заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі? Гомель — адна з апораў АГП. У мінулыя гады ціск на апазіцыю тут быў асабліва моцны, супастаўны з тым, які назіраецца ў Гродне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?