Нават па продажы рокерскія альбомы ў гэтым годзе б’юць 75% «фарматнай музыкі». Аднак у наступным годзе «Рок‑карону» даваць будзе няма каму.

Еўрарадыё зазірнула ў спіс намінантаў «Альбом года» «Рок‑каранацыі» і заўважыла, што за год рокеры выдалі шмат музыкі. А вось поп‑музыкі, якія займаюць 75% эфіру, амаль нічога не здолелі. Амаль усе мастадонты айчыннага року маюць па альбоме: «Ляпис Трубецкой», «Нейра Дзюбель», NRМ, «Крама», J:MOPS, «Крамбамбуля», «Без билета». … Зміцер Вайцюшкевіч, якога прынята называць першым беларускім шансанье, таксама выдаў рокавы рэліз «Лірыка». Нават «Песняры» пасля шасцігадовага маўчання запісалі дыск.

У 75% музыкі ураджай меншы. З сапраўдных зорак альбомы толькі ў Аляксея Хлястова, «Тяни‑Толкай», Atlanticа, Петра Ялфімава ды ў Іскуі Абалян.

Віктар Пазнякоў, мэнэджэр каталога West records, пацвярджае: рок‑рэлізаў лэйбл выдаў больш! Больш за тое, на думку эксперта, менавіта 75% фармат нарабіў поп‑музыкам шкоду — яны перасталі быць запатрабаванымі на дысках.

«Рок‑альбомы больш запатрабаваныя і больш якасныя. Прыхільнікам поп‑музыкі, відаць, дастаткова бачыць сваіх куміраў па тэлебачанні і слухаць па радыё».

Амаль у адзін голас журналіст Зміцер Падбярэзскі і рэдактар «Музыкальной газеты» Алег Клімаў кажуць: такая музычная пладавітасць рокераў — не больш як збег акалічнасцяў. Маўляў, прыйшоў час і назапасіўся матэрыял.

Кінакрытык Максім Жбанкоў, які сёлета патрапіў у журы «Рок‑каранацыі», плённасць наогул называе ілюзіяй.

«Гэта ілюзія, што 2006 год быў такі ніякі, а 2007 выдаўся ўраджайным. Я ніякага прарыву не бачу. Бо часы ў нас, як кажуць, стабільныя, і чакаць ад іх нейкага дадатковага імпульсу для музыкаў — дарэмна».

Больш за тое, эксперты кажуць, што ў наступным годзе слухаць будзе няма чаго. Бо ўсё ўжо выйшла, таму музыкі будуць адпачываць.

Цікава, што па словах мэнэджэра каталога West records, ніводзін з самых прадавальных музыкаў не мае сталага кантракту з лэйблам хаця б на два альбомы.

Па словах Змітра Падбярэзскага, некаторыя гурты былі вымушаныя выдаць дыск у 2007‑м. Напрыклад, NRM. І гэта, на думку крытыка, «ім на карысць не пайшло». Зрэшты NRM ‑аўскі «06» Жбанкоў назваў спрэчным. А Клімаў — абсалютна прымальным для гурта. Бо некалькі хітоў з дыска абавязкова ўвойдуць у «залаты фонд» NRM:

«Іншая справа, што пасля маўчання ад іх шмат хто чакаў большага. А парадавалі мяне «Жыгімонт Ваза» і «Зьмяя». Гэта альбомы ў сучаснай стылістыцы — больш цяжкія і рокавыя. Ёсць, канешне, пытанне якасці — у якіх умовах пішуцца нашыя музыкі. Але што тычыцца тэкстаў, музыкі — там у іх усё выдатна».

Зміцер Падбярэзскі да маладых музыкаў паставіўся больш крытычна. Затое нечакана ухваліў поп‑зорак:

«Альбомы Ялфімава, Сяргея Кавалёва, Вольгі Плотнікавай ужо можна слухаць і адэкватна ўспрымаць. Нашая папса за гэты год узрасла ў плане якасці».

Аднагалосна Клімаў і Падбярэзскі раскрытыкавалі эксперыментальную працу самага пладавітага на альбомы (ён выдае іх штогод) музыку Змітра Вайцюшкевіча. Нібыта, рок не ягоная ніша. Аднак усё адно назвалі працу якаснай і прапанавалі чакаюць яго рэліза ў бягучым годзе.

Дарэчы, Вайцюшкевіч зараз працуе над альбомам на вершы польскага паэта Рафала Ваячка. Еўрарадыё пацікавілася, ці не цяжка выканаўцу так часта выдаваць альбомы:

Вайцюшкевіч: «Я акрамя музыкі нічым не займаюся. Гэта для мяне і душа, і прафесія. З кожным годам задача ўскладняецца, і мне вельмі цікава».

«Крамбамбуля» ў мінулым годзе выдала і альбом «Святочнае», і Інтэрнэт‑сінгл. Аднак Лявон Вольскі абурыўся, што рэлізы не атрымалі адпаведнага водгуку. На што Максім Жбанкоў кажа, што наогул ніводзін альбом апроч «Морсаўскіх» не меў медыйнай раскруткі:

«Музычнай прэсы мы не маем. Музычнай разгорнутай суполкі аналітыкаў таксама няма. Прадуктаў шмат, але пра тое, што яны ёсць, можна даведацца, толькі паглядзеўшы ў спісы «Рок‑каралёў.»

Калі Еўрарадыё вырашыла зазірнуць у спіс продажаў беларускіх дыскаў, апынулася, што толькі «Тяни‑Толкай» могуць цягацца з рокерамі. Лідэрамі продажаў сталі рокеры J:МОRS, «Без билета», якіх імкліва даганяе «Нейра Дзюбель».

Алена Акуліч, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0