Партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне» і пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу TUT.BY абвяшчаюць новы сезон конкурсу «Заспявай 2.0» з прызавым фондам 1000 еўра.

Арганізатары конкурсу запрашаюць да ўдзелу ў конкурсе творчых асобаў ва ўзросце 15-27 гадоў уключна ў дзвюх намінацыях – «Кавер» і «Спяваная паэзія». Для першай трэба паказаць арыгінальны кавер на вядомую песню на беларускай мове. Для другой – пакласці на сваю музыку верш сучаснага беларускага паэта. Ніхто не замінае ўдзельнічаць адразу ў дзвюх намінацыях. «Мы заклікаем адкрыць для сябе беларускі космас, падзяліцца гэтым адкрыццём з астатнімі і атрымаць годны старт з дапамогай нашага конкурсу», – заяўляюць завадатары праекта. У намінацыі «Кавер» ацэньвацца перадусім будзе не адпаведнасць кавер-версіі арыгіналу і нават не столькі вакальныя і тэхнічныя магчымасці выканаўцаў, колькі шырыня творчага мыслення і ступень прасякнутасці абраным спеўным матэрыялам. А ў намінацыі «Спяваная паэзія» будзе звернутая ўвага як на абраны тэкст, так і на яго арыгінальную музычную падачу, на гарманічнае спалучэнне музыкі і слова.

Прызавы фонд конкурсу складзе 1000 еўра разам з прыемнымі бонусамі, а выбіраць пераможцаў у абедзвюх намінацыях будзе журы, куды ўвайшлі музыкі Ігар Варашкевіч («Крама»), Валеры Дайнека («Беларускія Песняры») і Алег Хаменка («Палац»), паэты Адам Глобус і Віталь Рыжкоў, культуролаг Максім Жбанкоў, журналістка Таццяна Заміроўская і прадстаўнікі аргкамітэта конкурсу Павел Бераговіч (кіраўнік фонду «Вяртанне»), Ніна Шыдлоўская (каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі») і Сяргей Будкін (прадзюсар конкурсу, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm).

Заяўкі на конкурс прымаюцца e-mail: [email protected]да 1.05.2015 ўключна, а вынікі будуць абвешчаныя да 14 траўня гэтага года. Усе падрабязнасці пра ўдзел – на сайтах Tuzin.fm іBudzma.by.

Першы конкурс «Заспявай.by» прайшоў у 2014 годзе. Па яго выніках пераможцам быў прызнаны Віталь Варанко, які запісаў песню «Вяртайся» на верш Віталя Рыжкова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0