Фэльетон з блогу Лёліка Ушкіна.

Не вельмі падзяляю аптымізму галоўнага мента краіны наконт таго, што пагалоўнае нашэнне флікераў, дапаможа грамадству, як мінімум навесці парадак на дарогах. Дырэктар МУС абсалютна не разумее культурнай падкладкі падобных фішак у аўтарытарных рэжымах.

У Пхеньяну (Паўночная Карэя) давялося сутыкнуцца з цікавым феноменам. З дзесяці гадоў кожны малады чувак або чувіха атрымлівае значак з выявай Кім Ір Сена. Латунны выраб ён мае насіць на грудзі і днём і ўначы да канца жыцця . Аднак дзеці элітных школаў цэнтральнага раёну сталіцы носяць значкі з Кім Ір Сенам на самым кончыку каўнеру кашулі. Такім чынам, элітны маладняк дае зразумець, хто тут каралі жыцця.

Увогуле, як кажуць мясцовыя, кожны раён носіць значак у асобным месцы адзення - знак прыналежнасці да свайго кварталу. Шчыра кажучы баюся падобных эксцэсаў у Беларусі.

Сцэна ў метро

Дыктар: наступная станцыя Трактарны завод

Адзін пасажыр-тынейджер сябру: давай хутчэй нацягвай флікерс на шыю. Гэта галоўная фішка мясцовых, або канкрэтна адграбём у рыла.

Дыктар: наступная станцыя Аўтазавадская.

Адзін пасажыр-тынейджер сябру: хуценька здымай флікер з шыі і вяжы праз левае вока быццам як у кіно ў таго пірата. Гэта галоўная фішка тарпедонаў, або канкрэтна адграбём у рыла. Блін позна….

Тым больш постсавецкая грамадства падзелена не толькі па прынцыпу кварталаў, аднак і палітычных забабонаў. Ужо асабіста бачыў флікерсы, які выпусціў рух Мілінкевіча для рэкламы Руху за свабоду. Мяркую, што іншыя палітычныя фармацыі падхопяць моду.

Страшна ўявіць - што будзе?

Сцэна на трасе

Пасажыр шафёру: глядзі, Вася, сябра БРСМ прэцца. Па флікерсу бачу. А ну ка давай яго к забору прыпячатаем.

Вера ў флікеры ў агітках ведамства Наўмава настолькі моцная, што першы выпадак аварыі з удзелам уладальніка флікерсу можа выклікаць крызіс грамадскай думкі, кшталту сітуацыі, якая назіраецца ў свядомасці дзяцей, калі давесці, што Дзеда мароза няма. Міліцыянерам прыйдзецца добра папрацаваць, каб схаваць канцы ў ваду.

Сцэна ў пастарунку МУС.

Злачынца: я значыць еду, а там бачу чувак з флікерам, я пачаў была тармазіць ды позна.

Следчы: значыць флікер вы бачылі, аднак чалавека пераехалі?

Злачынца: ну так, а што калі мы зможам дагаварыцца…ой, за што вы мяне б’ёце?

Следчы: пішы, гад: я, імя прозвішча прызнаюся, што з дзяцінства з’яўляюся інвалідам зроку, абсалютна сляпым як Сцівы Ўандэр, інакш будучы за рулём натуральна пабачыў бы флікер і не дапусціў аварыі. Напісаў? Распішыся.

І самае цікавая: тэма пагалоўнага пераходу на флікеры – скарб для апазіцыі. Усе беларусы носяць флікеры. І толькі адзін чалавек іх ніколі не носіць: яны яму па логіцы не патрэбныя, таму, што ён баіцца адзін выйсці на вуліцу не тое, што ўначы, нават днём. калі нават і выйдзе, то ўвесь аўтамабільны рух прыпыняецца.

Дык ці беларус ён?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0