Адназначнага адказу на пытанне «хто першым зграў рок-н-рол» няма. Жанр нараджаўся паступова, быў сінтэзам рытм-энд-блюзу (не блытаць з сённяшнім R&B!), кантры, госпэлу, джазу і бугі-вугі.
Упершыню словы «рок» і «рол» у сваім «музычным» значэнні з’явіліся ў песні «My Man Rocks Me (With One Steady Roll)» Трыксі Сміт у 1922 годзе, ды гэтая песня была вельмі далёкая ад таго, што мы называем рок-н-ролам (але фанаты гульняў серыі Fallout ацэняць).
Даследчык Гейл Дын Уордлоў называе хіба не самую раннюю дату «першага рок-н-ролу»: 1929 год, калі Сляпы Рузвельт Грэйвс з братам запісаў «Crazy About My Baby».
У «Rock It For Me», запісанай у 1937 годзе Элай Фіцжэральд і Чыкам Уэбам, ужо згадваецца нейкая музыка пад назвай «рок-н-рол» (ім лірычны герой просіць «задаволіць маю душу»). Праўда, да 50-х мала хто так называў нейкі канкрэтны жанр.
«Rock Me» Сястры Разеты Тарп цытатавалі ў сваіх творах многія рок-н-рольшчыкі, у тым ліку Элвіс Прэслі. Але сама песня 1938 года была хутчэй госпэлам — проста выконвалася з нетыповай энергетыкай і пад незвычайнае гучанне гітары. Яе жа «Strange Things Happening Every Day» 1944 года лічыцца адным з важных продкаў рок-н-ролу.
Бугі-трыа Уіла Брэдлі «Down the Road a Piece» 1940 года пазней стала рок-н-рольным стандартам.
Бугі-вугі, джаз, шалёныя танцы і сэксуальны падтэкст — «The Honeydripper» Джо Лігінса ўжо амаль як рок-н-рол, як па мерках 1945 года.
«Route 66» трыа Нэта Кола 1946 года пазней перапявалі многія рок-н-рольшчыкі, у тым ліку Чак Бэры.
Кажуць, што ў песні 1948 года, «Boogie Chillen'» Джо Лі Хукера быў «рыф, што нарадзіў мільён песень».
Даволі папулярны (але не самы) кандыдат у «першы рок-н-рол» — «Rock Awhile» Горы Картэра, запісаны ў 1949 годзе.
«Rock The Joint» Джымі Прэстана, запісаны ў 1949 годзе, называюць «прататыпам рок-н-ролу». Стыль запісу заўважна паўплываў на пазнейшых выканаўцаў.
Чалавек-аркестр Джо Хіл Люіс запісаў у 1950 годзе, як тады казалі, «адзін з найгучнейшых і найбольш перагружаных гітарных баёў» у песні «Boogie in the Park».
Папулярны кандыдат у «першы рок-н-рол» — рытм-энд-блюз з Мэмфіса «Rocket 88», запісаны ў 1951 годзе Джэкі Брэнстана і Delta Cats (якія на самой справе былі гуртом Айка Цёрнэра «Kings of Rhythm»). Легенда кажа, што віноўнік фірмовага саўнду — сапсаваны ўзмацняльнік, што натхніў аўтара на «брудны» запіс.
А яшчэ кажуць, першы паўэр-акорд з дысторшнам у гісторыі быў у «How Many More Years» Howlin' Wolf-а ў 1951 годзе.
Знаўца рок-н-ролу Джэй Уорнэр лічыць «першым рок-н-рольным хітом» песню 1954 года «Gee» гурту Crows — «першага рок-н-рольнага гурту» на яго думку.
Першыя забароненыя на радыё песні, блізкія да рок-н-ролу — суперхіт 1954 года «Work With Me, Annie» Хэнка Баларда і Midnighters 1954 года. Разам з сінглам, распрададзеным накладам у мільён копій, былі знятыя з радыё і яго працягі — «Annie Had A Baby» і «Annie's Aunt Fannie».
Песня «Rock Around The Clock» Білі Уэйлі і гурту Comets выйшла 12 красавіка 1954 года. Менавіта дзень яе выхаду адзначаюць як Сусветны дзень рок-н-рола. Калі нехта і не лічыць яе «першым рок-н-ролам», то прынамсі прызнае, што яна вывела рок-н-рол у мэйнстрым.
Летам таго ж году свой першы сінгл «That's All Right» выпусціў Элвіс Прэслі — будучы Кароль рок-н-ролу.
Але фанаты навуковай фантастыкі ўсё роўна вераць, што рок-н-рол гэтаму свету падарыў Марці Макфлай, які 12 лістапада 1955 зграў песню Чака Бэры «Johnny B. Goode».