Сярэдні кошт пуцёўкі ў дзіцячы аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем сёлета складзе 3 млн. 700 тыс. рублёў.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі 14 красавіка паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.
У 2014 годзе такая пуцёўка каштавала 3 млн. 100 тыс. рублёў, у 2013-м — 2 млн. 118 тыс. рублёў.
Паводле слоў Балбатоўскага, прыкладна 40% кошту пуцёўкі ў кругласутачным лагеры, ці 1 млн. 400 тыс. рублёў, будзе кампенсавана за кошт дзяржаўных датацый.
У дзённых, профільных лагерах і лагерах працы і адпачынку датацыі кампенсуюць прыкладна 75% ад кошту пуцёвак, ці 580 тыс., 600 тыс. і 650 тыс. рублёў адпаведна. «Мы павялічылі датацыі ў межах прагназаваных макраэканамічных паказчыкаў, гэта значыць у параўнанні з мінулым годам датацыі павялічыліся ў сярэднім на 16%», — адзначыў спецыяліст.
Астатняя частка пуцёўкі будзе аплачвацца за кошт прафсаюзных арганізацый, сродкаў прадпрыемстваў, а таксама асабістых сродкаў бацькоў.
«Як правіла, бацькоўская плата складае прыкладна 10% ад кошту пуцёўкі. Мы мяркуем, што такой яна будзе і сёлета», — растлумачыў Балбатоўскі.
Усяго на правядзенне дзіцячай аздараўленчай кампаніі сёлета выдзелена больш за 297 млрд. рублёў, і за лета плануецца аздаравіць прыблізна 350 тыс. дзяцей. На падрыхтоўку лагераў да прыёму дзяцей будзе накіравана 4,7 млрд. рублёў, а таксама частка сродкаў рэспубліканскага суботніка, адзначыў дырэктар цэнтра.