Напрыканцы мінулага году й пачатку гэтага ў чэргах па візы каля польскага консульства ў Менску стаяла больш за тысячу чалавек. Тыя, хто хацеў атрымаць візу й выехаць у Польшчу, мусілі запісвацца ў адмысловыя сьпісы, прыходзіць штодня на пераклічку. Зараз сытуацыя кардынальна зьмянілася. Апошні тыдзень каля польскага консульства ніякіх чэргаў няма.

Як высьветлілася, сьпісы, што складалі грамадзяне, аказаліся непатрэбнымі. Прычына таму – складаная працэдура афармленьня дакумэнтаў. Беларусы запісаліся ў чаргу па візы, але не змаглі сабраць неабходны пакет дакумэнтаў. Супрацоўніцы страхавой службы расказалі, што найбольш цяжка грамадзянам пацьвердзіць гатэль. Гэта абавязковая ўмова, калі хочаш атрымаць візу. Здаралася й такое, што гатэль аплачвалі наперад, рабілі пацьверджаньне, а консульства адмаўляла ў візе. Людзі гублялі грошы.

Пакуль я чакала якіх-небудзь наведвальнікаў консульства, у офіс да страхоўшчыкаў зайшлі некалькі жанчын, каб зрабіць страхоўку ды яшчэ раз праверыць, ці ўсё ў парадку з дакумэнтамі. З гэтымі наведвальніцамі я й пагутарыла пра складанасьці афармленьня візы ды зьнікненьне чэргаў.

Карэспандэнтка: Добры дзень. Раскажыце, калі ласка, з якім пытаньнем Вы прыйшлі, і ці ёсьць нейкія праблемы з працай консульства?

Спадарыня: Я еду на сумоўе ў Варшаву. Я прыйшла ў мінулы панядзелак. Людзі запісваліся, і я была 1220. У пятніцу я ў чарзе была недзе пяцісотая. А з панядзелка тут наогул няма нікога. Я падумала адразу, што консульства не працуе, думала, што гэта зьвязана з забастоўкай на мяжы. Але высьветлілася, што ў людзей негатовыя дакумэнты. Усё вольна, што вельмі радуе.

Карэспандэнтка: Ці складаная зараз працэдура падачы дакумэнтаў?

Спадарыня: Я наогул першы раз сёньня прыйшла. Мае знаёмыя сказалі, што патрэбная даведка аб даходах, даведка з месца працы. Я зьбіраюся сустрэцца ў Польшчы са сваім нямецкім сябрам, і мне сказалі, што патрэбна прадаставіць пацьвярджэньне гатэлю. Думаю, гэта будзе вельмі праблематычна, бо, па-першае, гэта забярэ час, а па-другое – трэба афармляць на канкрэтнае імя. Раней было куды прасьцей з афармленьнем дакумэнтаў. Польская амбасада пайшла па шляху нямецкай – ускладнілі падачу заявы. Тое, што трэба аформіць ворах дакумэнтаў, досыць напружвае.

Карэспандэнтка: А ці сутыкнуліся Вы з праблемай чэргаў?

Спадарыня: На сёньняшні момант няма праблемы чэргаў. Я ведаю, што раней людзі прыяжджалі, і начавалі тут нават у холад, маразы, запісваліся. Але зараз чэргаў няма.

Адна з наведвальніц консульства была гатовая да таго, што ёй давядзецца доўга чакаць сваёй чаргі. Калі ж перад консульствам жанчына пабачыла пустую пляцоўку, то падумала, што сёньня непрацоўны дзень.

Спадарыня: Я вельмі зьдзіўленая, бо калі прыйшла ў консульства Польскага пасольства, то не застала тут чаргі. Перад гэтым у прэсе й інтэрнэце я чытала аб тым, што каля консульства вялікія чэргі. Адразу падумала, што пасольства не працуе, бо не было ніводнага чалавека. Я зьдзіўленая й задаволеная. Думаю, што без праблем аформлю ўсе пытаньні. Наш час – вельмі дарагі, таму добра, калі прыходзіш і не трэба чакаць: прыходзіш, адразу заходзіш у консульства, вольна ўсё.

Чэргі зьніклі — гэта радуе наведвальнікаў. Але ёсьць іншыя праблемы ў арганізацыі працы консульства. Напрыклад, наведвальнікам не дазваляюць заходзіць у будынак консульства з мабільнымі тэлефонамі, жаночымі торбачкамі. Людзі вымушаныя аддаваць на захоўваньне свае рэчы або тым, хто стаіць побач і чакае сваёй чаргі зайсьці, або просяць жанчын ‑страхоўшчыц прыгледзець за маёмасьцю. Летам каля консульства было шмат выпадкаў крадзяжу. Махляры адмыслова займалі чаргу й бралі «павартаваць» чужыя рэчы, пасьля з гэтымі ж рэчамі й зьнікалі.

Ня вельмі добрасумленна працуюць некаторыя страхавыя кампаніі. Да прыкладу, «Белдзяржстрах» пры афармленьні страхоўкі прымяняе паніжаючы каэфіцыент. І страхоўка для нацыянальнай візы на 101 дзень знаходжаньня ў Польшчы каштуе 29 даляраў. Іншыя ж страхавыя кампаніі бяруць за такія ж паслугі аж 48 даляраў. Пры гэтым сума страхавога забесьпячэньня складае на дваццаць тысяч даляраў менш, чым у «Белдзяржстраха». Цікава, што калі людзі даведваюцца аб тым, што іх падманулі, многія саромеюцца пайсьці й вярнуць свае грошы. Быў выпадак, калі жанчыне, якой трэба было зьезьдзіць у Польшчу толькі на два дні, зрабілі страхоўку на дзевяноста дзён. Абышлася такая «паслуга» недасьведчанай спадарыні ў разы больш, чым трэба было насамрэч.

Калі вам трэба тэрмінова зрабіць польскую візу, то хуценька зьбірайце дакумэнты й ідзіце ў консульства. Чэргаў там зараз няма. Але будзьце ўважлівыя й не надта давярайце незнаёмцам, за каго б яны сябе не выдавалі. Як кажуць «давярай, але правярай».

Падрабязнасьці на сайце амбасады www.minsk.polemb.net

Марыя Кароль, для Беларускай службы Польскага радыё

Глядзі яшчэ:
Польскае пасольства пра чэргі: нехта робіць нядобрую справу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0