Расея працягвае энэргетычную экспансію на Балканах. Урад Сэрбіі пастанавіў аддаць газаправоды і перагонныя заводы пад кантроль “Газпрому”, які на гэты час ужо адыгрывае вядучую ролю ў энэргетычнай сфэры Баўгарыі.

Урад Сэрбіі прыняў праект дамовы з урадам Расеі пра супрацоўніцтва ў нафтавай і газавай галіне, якую ў пятніцу, 25 студзеня, падпішуць у Маскве.

На падставе гэтай умовы “Газпром” стане стратэгічным інвэстарам канцэрну NIS, які мае вялікія нафтаперагонныя заводы і амаль поўную манаполію на паліўным рынку Сэрбіі. “Газпром” разам з канцэрнам “Сэрбіягаз” правядзе таксама адзін газаправод South Stream праз Чорнае мора, празь які расейцы будуць пастаўляць газ у Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу, а на поўначы Сэрбіі расейцы пабудуюць падземны склад для сыравіны з чарнаморскай трубы.

-- Праз гэтую ўмову Сэрбія аддае ў расейскія рукі сваю энэргетычную незалежнасьць, -- так ацэньвае сытуацыю Міша Бркіч, сэрбскі эканамічны аналітык агенцтва AFP.

Рашэньне ўладаў у Белградзе мае вялікае палітычнае значэньне. У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Сэрбіі лідэр ультранацыяналістаў Таміслаў Нікаліч атрымаў нязначную перавагу над цяперашнім празаходнім прэзыдэнтам Сэрбіі Барысам Тадзічам. У другім туры, 3 лютага, сэрбы будуць выбіраць ня толькі прэзыдэнта з двух кандыдатаў, але таксама палітычны кірунак — паміж інтэграцыяй з Расеяй і інтэграцыяй з ЭЗ. Прэм’ер Каштуніца адмовіўся падтрымаць Тадзіча перад другім турам.

У Белградзе энэргетычная дамова з Расеяй выклікае вялікія пратэсты. “Газпромнефть” атрымоўвае права бяз тэндэру набыць 51 % акцыяў NIS усяго за 400-500 млн эўра. Празаходні міністар эканомікі і прыватызацыі Сэрбіі Младзян Дзінкіч назваў гэта абразьлівай прапановай, паколькі расейцы атрымаюць за невялікія грошы манаполію на сэрбскім паліўным рынку. Сапраўдная вартасьць NIS складае 2 мільярды эўра, а нерухомасьць канцэрну ацэньваецца на 800 млн эўра.

На думку Дзінкіча, Сэрбія магла б зарабіць у пяць-восем разоў болей, чым дае Газпром, прыватызуючы NIS на адкрытым аўкцыёне. Аднак, на думку многіх назіральнікаў, прэм’ер Ваіслаў Каштуніца сваёю схільнасьцю да “Газпрому” кампэнсуе Маскве яе палітычную падтрымку. Расея падтрымлівае Каштуніцу ў ягоным змаганьні супраць прызнаньня незалежнасьці Косава. Між тым імкненьне Косава падтрымліваюць ЗША і большасьць краінаў ЭС.

Прадстаўнікі ж празаходняй Дэмакратычнай партыі ва ўрадзе Сэрбіі ня выступілі супраць дамовы з Расеяй пасьля нядзельнага посьпеху ўльтранацыяналістаў, бо баяцца страціць галасы ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў.

Нядаўна Пуцін пераканаў таксама ўлады Баўгарыі далучыцца да будаўніцтва газаправоду South Stream, уцягваючы ў расейскую арбіту таксама і Сафію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?