Жанр: драма, біяграфія
Рэжысёр: Жан-Марк Вале
У ролях: Рыз Уізерспун, Лора Дзерн, Томас Садоскі, Кін МакРэй, Міхіл Хаўшман, У. Эрл Браўн, Габі Хофман, Кекін О. Ранкін
ЗША, 115 хв.
Адзнака: 7

Амерыканка Шэрыл Стрэйд, засмучаная няўдалым шлюбам і смерцю маці, страціла надзею на шчасце. Яна выпраўляецца ў падарожжа пехам па Ціхаакіянскім хрыбце — найбольш высокіх участках хрыбта Сьера-Невада і Каскадных гор, на мяжы штатаў Арэгон і Вашынгтон, даўжынёй у 1100 міль.

Жанчына спадзяецца, што выпрабаванні, якія выпадуць ёй у гэтым небяспечным самотным падарожжы, абавязкова вылечаць яе ад душэўных пакут. Фільм заснаваны на аўтабіяграфічнай кнізе Шэрыл Стрэйд «Дзікая. Небяспечнае падарожжа як спосаб знайсці сябе», у якой аўтарка падрабязна апісвае сваё падарожжа ў 1995 годзе і падзеі ўласнага жыцця, што прывялі да рашэння яго здзейсніць.

Папулярная амерыканская гісторыя пра выйсце за межы зоны камфорту выдатна ўвасобілася ў творы Шэрыл: выдадзеная ў 2012 кніга набыла вялікі розглас. Правы на яе экранізацыю былі набытыя яшчэ да выхаду ў друк маладой прадзюсарскай кампаніяй акцёркі Рыз Уізерспун («Жорсткія гульні» (1999), «Перайсці рысу» (2005)). Яна і была абраная на галоўную ролю— так пажадала аўтарка кнігі і нават сама засвяцілася ў адным з эпізодаў.

Падчас здымак Рыз давялося складаць намёт і карыстацца пліткай без інструкцый, каб намаганні падарожніцы без досведу ў кадры выглядалі найбольш рэалістычна.

Цяпер Шэрыл Стрэйд вядомая ў Амерыцы пісьменніца і эсэіст. Яе творы двойчы ўваходзілі ў «Найлепшыя амерыканскія эсэ» (2000, 2003), акрамя таго, ёй дастаўся Pushcart Prize за эсэ пра ліст ад нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Эліс Манро, які Шэрыл атрымала, калі была маладой аўтаркай.

Адаптаваў кнігу для кіно брытанскі пісьменнік Нік Хорнбі. На «Оскары-2015» выканаўца галоўнай ролі і прадзюсар- ка фільма Рыз Уізерспун стала намінанткай у катэгорыі «Найлепшая жаночая роля».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?