Нядаўна ў серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе» выйшла чарговая кніга супрацоўніка беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацвёрты». Адразу хачу сказаць, што гэта захапляльная кніга, якая чытаецца нібы раман. Хачу таксама адзначыць добрую беларускую мову аўтара і лёгкі, захапляльны стыль пісьма. Я магу параўнаць яе з творам таленавітага пісьменніка і журналіста Віктара Марціновіча «Мова», што выйшаў у мінулым годзе і набыў вялікую папулярнасць. Дарэчы, тым, хто яшчэ не чытаў кніг Навумчыка і Марціновіча, раю іх прачытаць разам, бо, калі б у 1994 годзе перамог Кебіч, кніга Марціновіча набыла б жахлівую рэальнасць. А як тут не прыгадаць твор Аксёнава «Востраў Крым», які год назад здзейсніўся і працягвае палохаць увесь свет пачварай Трэцяй сусветнай вайны.

Але я хачу падысці да кнігі Навумчыка і як непасрэдны ўдзельнік усіх падзей, што адбыліся на палітычнай сцэне Беларусі ў 1994 годзе.

Свой першы раздзел Навумчык называе «Рэванш імперыі», але я б сказаў крыху інакш. «Часовы рэванш імперыі», альбо «Пірава перамога «Русского мира». Трэба сказаць, што маладая «камсамольская» наменклатура, якая выйграла выбары ў Кебіча ў 1994 г., выйграла іх і ў ельцынскай «старой» наменклатуры ў Маскве і ледзь не захапіла Крэмль, як гэта здолеў зрабіць ў ХVII ст. іх ідэйны сабрат Ілжэдзмітрый І. Не раз яна паказвала «дулю ў кішэні» і пераемніку Ельцына, а часам не саромелася яе з гэтай глыбокай кішэні і дастаць.

Дарэчы, Беларусь здольная ў гэтым кірунку. Можна прыгадаць і Алену Глінскую, рускую царыцу, і першую імператрыцу Расіі Кацярыну І, якая нарадзілася ў Мінску, непадалёку ад сённяшняй прэзідэнцкай сядзібы.

Асноўная заслуга ў паразе Кебіча менавіта ў апазіцыі БНФ, якая ў жывым эфіры патрабавала адстаўкі Кебіча некалькі гадоў. І тут я згодны з Мечыславам Грыбам, які лічыць, што шансаў выйграць выбары ў Кебіча пры любым раскладзе не было. Не мог, на маю думку, пры любым раскладзе выйграць гэтыя выбары і Зянон Пазняк, бо ўся інфармацыйная машына Сакалова, Малафеева і асабліва Кебіча паспяхова стварыла яму і нам, яго прыхільнікам, адмоўны імідж.

Цяпер, пражыўшы на свеце 60 гадоў, я лічу, што галоўнай памылкай Партыі БНФ было вылучэнне ў першыя прэзідэнты свайго лідара і такім чынам страта яго велізарнага патэнцыялу ў будучым. Нам усім трэба было ўгаварыць вылучыцца на гэтую пасаду Васіля Быкава.

У яго камандзе знайшлося б месца і Пазняку, і Шушкевічу, і Карпенку. Толькі Быкаў, стваральнік і адзін з заснавальнікаў БНФ, мог скласці ў другім туры канкурэнцыю Лукашэнку і з дапамогай часткі каманды Кебіча яго перамагчы.

Пэўныя шансы былі і ў Радзіма Гарэцкага. Час Пазняка прыйшоў бы крыху пазней, на другіх прэзідэнцкіх выбарах, праз пяць гадоў.

Чаму тады выйграў Лукашэнка? Справа ў малой адукаванасці беларускіх выбаршчыкаў. Іх колькасць складала тады крыху больш за 7 мільёнаў, з іх з вышэйшай адукацыяй — толькі каля 1,5 млн. Значная колькасць з іх — гэта ўдзельнікі і дзеці апошняй вайны, якія паверылі, што ім вернуць знішчаныя грашовыя ўклады, разбяруцца з карупцыяй і наогул з тымі, хто адарваўся ад іх і скончыў «розныя там акадэміі». «Сашка им покажет», — крычалі яны (я сам чуў у Шклове і Мінску) і гурмай беглі на выбарчыя ўчасткі.

Нават каб усе партыі і рухі, і асабліва «Грамада», як вельмі зараз хочацца Навумчыку, падтрымалі Пазняка, справа магла скончыцца перамогай Лукашэнкі ўжо ў першым туры. Бо наш кандыдат Шушкевіч адбіраў галасы толькі ў Кебіча. Усе, хто хацеў, галасавалі за Пазняка. Дарэчы, у другім туры некаторыя з іх падтрымалі Лукашэнку.

Цікава, што ў сваёй кнізе Навумчык ні разу не згадаў пра тое, што ў 1993 годзе была створана Партыя БНФ, якая і магла вылучаць палітычныя кандыдатуры на выбарах.

Да гэтага ў БНФ, як у шырокі грамадскі рух, маглі ўваходзіць і камуністы, і беспартыйныя. (На першым з’ездзе БНФ у Вільні ў 1989 паплечнікамі Пазняка былі абраныя камуністы, дактары навук Міхась Ткачоў і Юрась Хадыка.) Шмат камуністаў, сярод іх і Сяргей Навумчык, было і ў фракцыі БНФ.

Менавіта рух БНФ паспрыяў стварэнню новых дэмакратычных партый, і асабліва БСДГ. Першы кіраўнік Грамады — Міхась Ткачоў, яго намеснікі Мікола Крыжаноўскі і аўтар артыкула — усе актывісты БНФ.

Не напісаў Навумчык і пра тое, што ў БСДГ існавала свая фракцыя ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання (спачатку 12, а потым і 15 чалавек) і далёка не ўсе яе сябры ўваходзілі ў апазіцыю БНФ.

На маю думку, стварэнне ўнутры БНФ асобнай партыі было велізарнай памылкай, бо астатнія сябры БНФ, якія ўжо даўно былі ў іншых дэмакратычных партыях, сталі «фронтаўцамі» другога гатунку, і да іх сталі ставіцца зняважліва, што добра адчуваецца ў кнізе Навумчыка.

Дарэчы, Пазняк і яго новае атачэнне не прапаноўвалі мне і маім сябрам з Грамады ўвайсці ў яго каманду. Яны разлічвалі на перамогу ў першым туры і ўжо дзялілі міністэрскія партфелі.

Потым гэтыя «новыя» людзі ў 1995 годзе запатрабавалі адстаўкі Пазняка, а пазней раскалолі і фактычна знішчылі Партыю БНФ як моцную палітычную сілу.

Што тычыцца Шушкевіча, то тут Навумчык мае рацыю, бо гэтую кандыдатуру вылучыў Мікола Статкевіч, загітаваў за яе большасць сяброў Грамады, а потым цалкам ухіліўся ад удзелу ў выбарчай кампаніі Шушкевіча.

Трэба сказаць, што першая ў Беларусі кааліцыя з трох палітычных партый — Грамады, Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі і Сялянскай партыі — годна правяла выбарчую кампанію і здолела якасна сабраць неабходную колькасць подпісаў, што нельга сказаць пра іншых кандыдатаў.

Навумчык смакуе нашыя адносіны з камандай Генадзя Карпенкі. А тут усё даволі проста. Каманда Карпенкі праўдамі і няпраўдамі хацела сабраць, як і каманда Лукашэнкі, 70 подпісаў дэпутатаў ВС, каб зарэгістравацца, не збіраючы подпісаў грамадзян. Сабраць подпісы ў Вярхоўным Савеце Лукашэнку не ўдалося, у Карпенкі справы ішлі лепш, але крыху подпісаў не хапала і яму.

Тады і адбылася сустрэча паміж прадстаўнікамі Карпенкі і мною, як лідарам Грамады, дзе мы дамовіліся, што ставім подпісы за Карпенку, а ён спрыяе нам у зборы подпісаў за Шушкевіча ў Маладзечне. (Карпенка ўзначальваў Маладзечанскі гарвыканкам — Рэд.). Аднак у Маладзечне зрабілі ўсё, каб мы там подпісаў не сабралі. Калі я нагадаў памочнікам Карпенкі пра нашу дамову, я пачуў абразы ў бок Шушкевіча і такі прыкладна адказ: «Мы ўжо сабралі подпісы грамадзян, а вашыя подпісы можаце забраць назад». Гэта мы і зрабілі ў спецыяльнай заяве ў Выбарчую камісію. Зразумела, я ведаю, што браў на сябе палітычную адказнасць, але ў палітыцы гэта неабходна. Хачу сказаць, што Навумчык гэта зрабіў у 1996 годзе, калі ў вельмі цяжкі момант для Бацькаўшчыны яе пакінуў і спыніў сваю палітычную дзейнасць, стаўшы супрацоўнікам радыё «Свабода», дзе забаронена любая палітычная прыналежнасць.

Але подпісы за Карпенку сабралі вельмі неахайна, бо там прысутнічаў вялікі грашовы фактар. Потым на гэтыя ж граблі стаў і Леанід Сініцын.

Затым тыя ж людзі здрадзілі Карпенку і пайшлі служыць першаму прэзідэнту. Калі Карпенка стаў дэпутатам ВС ХІІІ склікання, мы сустрэліся, абгаварылі ўсе дэталі той справы, і канфлікт быў вычарпаны.

* * *

Ёсць і яшчэ адна дэталь, якую лічу патрэбным адзначыць. У кнізе Янкі Запрудніка «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» я знаходжу цытату з выказванняў Сяргея Навумчыка і яе ацэнку, зробленую Запруднікам.

«Шматгадовае вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, насаджэнне ў чалавечай свядомасці артадаксальнага бальшавізму не магло не прывесці да збяднення інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі», — лічыць дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык. На яго думку, камуністычная прамыўка мазгоў стварыла тып грамадзяніна, які «звык да любой свежай, арыгінальнай ідэі ставіцца з велізарным сумненнем, а то і з нянавісцю».

Першымі «палітызатарамі» беларускага грамадства былі маладыя нашчадкі партыйнай арыстакратыі. Прычыны гэтага — і псіхалагічныя, і сацыяльныя: тут відаць прыкметы вядомага сіндрому «залатой моладзі». Жывучы ў бяспечнай атмасферы ўплывовых сем’яў, маючы шырокі доступ да інфармацыі аб жыцці ў навакольным свеце і будучы ідэалістычна настроенымі, некаторыя з гэтых маладых людзей (вядома ж, не большасць) востра адчулі маральны раскол савецкага грамадства. Напор перабудовы даў ім магчымасць дзейнічаць згодна са сваімі пачуццямі і ўмацаваў іх пазіцыю ў сутыкненнях з бацькамі, што часам мела драматычны характар».

Думаю, тут Запруднік яшчэ больш за 20 гадоў назад трапна адзначыў, праз якія «акуляры» бачыў палітычны працэс Навумчык.

* * *

Добра, што кніга Навумчыка выйшла напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Яе варта з алоўкам прачытаць усім будучым удзельнікам кампаніі.

Здаецца, што чарговая элегантная перамога Лукашэнкі на іх непазбежная. Але я ў гэтым не ўпэўнены, і вось чаму. Зараз ён можа паўтарыць лёс Кебіча, бо людзі ад яго кіравання ўжо стаміліся, і калі з’явіцца нейкая новая трэцяя сіла, як гэта было ў 1994 годзе, і за яе спінай будуць праглядацца зоркі Крамля, то вынікі выбараў могуць стаць для яго вельмі нечаканымі. У якасці прыкладу можна прывесці выбары прэзідэнтаў у непрызнаных рэспубліках, такіх як Абхазія і Прыднястроўе.

Вось і даводзіцца яму цяпер даваць публічна замежным журналістам абяцанні, што Беларусь ніколі не стане «Северо­Западным краем», прасіць на Захадзе хоць нейкую падтрымку, найперш фінансавую.

Маю таксама спадзяванне, што знойдуцца новыя людзі, сапраўдныя патрыёты Бацькаўшчыны, якія змогуць станоўча выкарыстаць вопыт палітычнай дзейнасці БНФ і здабудуць перамогу пад бел-­чырвона-­белым сцягам і нашай старадаўняй «Пагоняй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?