Пасля сумнавядомага рэферэндуму 14 мая 1995 амаль 20 гадоў «Пагоня» тыражавалася і распаўсюджвалася ў выглядзе значкаў, налепак, магнітаў, у чорна­белым, каляровым і аб’ёмным выглядзе. Усё было прыстойна, ніхто з «Пагоні» не «сцябаўся». І тут раптам, як каналізацыйную трубу, прарвала. Безгустоўна, нясмешна, абражальна. І ўсё гэта пад псеўдашляхетнымі лозунгамі. А пачала, як ні сумна, «Наша Ніва», сталым чытачом і неаднаразовым аўтарам якой я з’яўляюся з першых дзён аднаўлення газеты.

Няўдалы жарт «Па конях!» 1 студзеня 2014 года. Які ж дурань палезе на неасядланага каня? Ці далёка на такім кані праскачаш? Нясмачныя жарты прадоўжыла студыя Pras. Бязногі конь, мікраскапічны рыцар, мяркую, шмат чаго з гэтага я проста не бачыў.

І, нарэшце, бессаромны плагіят. Я, дарэчы, шчыра ўдзячны «НН» за публікацыю калажу на першай старонцы тыднёвіка за 25 сакавіка гэтага года. Няўзброеным вокам відаць, і старому, і малому, і неадмыслоўцу, і прафесіяналу, адкуль, вобразна кажучы, у Плоткі і Галавіной ножкі растуць.

Для арыгінальнага «сцёбу» патрэбны тонкі густ, мастацкія здольнасці і разумная галава. Як прыклад — малюнкі светлае памяці Пятра Драчова.

Наконт рэплік З.Пазняка і А.Трусава з ужо згаданага ж нумара «НН» ад 25 сакавіка. Я даўно і добра ведаю Зянона, бо ў далёкім 1991 годзе быў каардынатарам ягонай выбарчай кампаніі. Відаць, узрост Зянона Станіслававіча (хаця ён і маладзейшы за мяне на 7 гадоў) і даўнасць падзеяў дазволілі яму прыпісаць да стваральнікаў эталона «Пагоні» Алеся Марачкіна, Хведара Ладуцьку, Пятра Драчова і «іншых нашых мастакоў» і пры гэтым забыцца на Льва Талбузіна, які па графічных узорах Куліка і Крукоўскага выляпіў эталонны барэльеф «Пагоні».

Дарэчы, барэльеф «Пагоні» на Доме ўрада яшчэ доўга вісеў пасля 14 мая 1995 года. А выляпіў яго скульптар Валянцін Занковіч, лаўрэат Ленінскае прэміі і адзін з аўтараў мемарыяла «Хатынь», паводле дакладнага графічнага эталона, зацверджанага 10 снежня 1991 года Вярхоўным Саветам Беларусі.

Што тычыцца кароткае памяці. Алега Трусаву, былому старшыні «Камісіі для выпрацоўкі эталона Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь…», раю перачытаць уласны артыкул «Лунай, наш сцяг, ляці, Пагоня!», цытата з якога прыводзіцца ва ўрэзцы.

З гісторыяй на «Вы». Мінск. Мастацкая літаратура. 1994 год. Артыкул Алега Трусава. Старонка 20. «Так склалася, што над эталонам герба ў асноўным працавалі Яўген Кулік і Уладзімір Крукоўскі».

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 3. 1996 год. Старонка 247. «Аўтары эталона герба У. Крукоўскі і Я. Кулік».

Беларускі саюз мастакоў. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 1998 год. Старонка 273. «Аўтар эталона былога Дзярж. герба Рэспублікі Беларусь «Пагоня» (у сааўт. з Я.Куліком)».

Суполка «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў. Мінск. 2002 год. Старонка 17. «Аўтар (разам з Я.Куліком) эталона Дзяржаўнага герба Беларусі «Пагоня».

Анатоль Цітоў. Геральдыка Беларусі. Мінск. 2007 год. Старонка 109. «Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь 1991—1995 г.г. Мастакі Кулік Я.С., Крукоўскі Ул.Я.».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?