Для нашага грамадзтва панятак свабоды слова, як і ўвогуле любой іншай свабоды пакуль што мала што значыць. Піша Віталь Тарас.

Гісторыя з выдаленьнем выявы мастака Аляксея Марачкіна з фатаграфіі ў кнізе, выпушчанай нядаўна “Мастацкай літаратурай” выглядае адназначна. Думаецца, калі б такога выпадку ў Беларусі дагэтуль не было, начальству яго давялося б прыдумаць. Каб можна было потым ўключаць у якасьці ілюстрацыі для хрэстаматыі па гісторыі цэнзуры.

Заўважце – ніхто з тых, хто меў дачыненьне да выданьня кнігі, не адпрэчвае сам факт. Кожны спрабуе давесьці толькі, што ня мае да яго ніякага дачыненьня. Не, каб высокае начальства заявіла: гэта зроблена ў інтарэсах дзяржавы! То бок, у імя яе інтарэсаў мы “выразалі” й будзем “выразаць” усіх, хто нам не падабаецца. Замест гэтага – маўчаньне.

Няма сёньня афіцыйных заступнікаў у цэнзуры.

Хаця, ня выключана, урэшце будзе заўялена, што адбылася “тэхнічная памылка”. І хаця таварыш Сталін казаў, што ў кожнай памылкі ёсьць імя й прозьвішча, у дадзеным выпадку, канечне, імёнаў не будзе. Будзе як у савецкага сатырыка Райкіна: “Хто шыў гарнітур? – Мы!”

Прыкра толькі, што цень гучнага скандалу ўскосна ляжа ня толькі на дзяржаўнае выдавецтва, але й на кнігу, прысьвечаную сьветлай памяці Міколы Селешчука.

А вось выпадак са Зьдзьвіжковым, асуджаным за карыкатуры, многім падаецца ня настолькі адназначным. Нават у каментарах на гэтую тэму ў “Нашай Ніве” нярэдка можна сустрэць такое меркаваньне: чалавека, мабыць, і шкада (хоць многія пішуць – мала далі), але закон ён парушыў, таму павінен сядзець у турме.

Так бы мовіць, dura lex sed lex. Закон суворы, але гэта закон.

Толькі чамусьці ён не зусім бывае суворы, калі размова тычыцца цэнзуры, забароненай Канстытуцыяй РБ. Можна цэнзураваць тэлевыступы апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах (як у выпадку з Казуліным і Мілінкевічам). Пра «плямы ў газэтах» ужо і ўспамінаць цяпер сьмешна. Як і пра канстытуцыйнае права грамадзянаў на інфармацыю – у сьвятле афіцыйных дачыненьняў чыноўнікаў і журналістаў.

А ў выпадку з карыкатурамі закон спрацаваў, што называецца, амаль на поўную катушку.

Правільна пасадзілі

Мне давялося нядаўна сустрэць у інтэрнэце такое меркаваньне (цытую блізка да тэксту): «Правільна зрабілі, што пасадзілі Зьдвіжкова, і няма чаго яго абараняць. Няма ніякай свабоды слова нідзе. Ёсьць маніпуляцыі з мэтай зарабіць на гэтым пункты. Так, газэта «Згода» проста хацела прыцягнуць да сябе ўвагу, друкуючы карыкатуры. А цяпер з дапамогай скандальнага працэсу нехта хацеў выклікаць міжнародны скандал, што яму (ім) удалося?»

Тут справа нават не ў адсутнасьці лёгікі – чаму ж дзяржава нарвалася на такі скандал, які наносіць шкоду яе рэпутацыі? Якія загадкавыя сілы прымусілі яе? (Адказ вядомы – канечне, жыдамосоны на чале з амэрыканскім урадам.)

Справа ў тым, што тут, як і ў ва многіх іншых камэнтарах, няма ні каліва ўсведамленьня каштоўнасьці свабоды слова. Між іншым, заўважу, што ні гэты чалавек, ні многія іншыя яго аднадумцы нават не паспрабавалі адшукаць у інтэрнэце дацкія карыкатуры на прарока Мухамеда (гэта зрабіць вельмі лёгка), каб займець уласнае меркаваньне пра ступень «экстрэмізму» тых малюнкаў. А навошта?

Падобныя «дыскутанты» зь лёгкасьцю падахіпілі падкінутую ім думку, быццам выявы людзей забароненыя ісламам. Але дастаткова зайсьці ў інтэрнэт і пабачыць там, напрыклад, малюнак прарока Мухаммеда, узяты з Карану XVII стагодзьдзя.

А мабыць, увогуле варта забараніць інтэрнэт, разам з усімі малюнкамі і тэкстамі, каб не было ніякага рэлігійнага экстрэмізму? І ніякіх іншых думак?

У тым і парадокс, што зацятыя праціўнікі свабоды слова ахвотна карыстаюцца ёй, друкуючы свае «опусы» і «думкі» ва ўсясьветным сеціве.

Хаця, чаго тут зьдзіўляцца? У 1917-м бальшавікі раздраконілі й забаранілі ўсе «варожыя тыпаграфіі» у Расеі. А потым 70 гадоў трымалі манаполію на СМІ з дапамогай самай жорсткай цэнзуры. А калі ў 1991-м Ельцын спрабаваў зачыніць газэту «Праўду», камуністы ўзьнялі масавую гнеўную кампанію ў абарону свабоды друку. З таго часу ў Расеі няма большых абаронцаў свабоды, дэмакратыі й правоў чалавека як камуністы.

Ёсьць свабода слова для сябе, на якую ніхто ня мае права замахвацца. І ёсьць свабода слова для іншых – яна выкарыстоўваецца выключна ў мэтах «спэкуляцыяў» і рознага роду махінацыяў.

А ў вас неграў лінчуюць…

Як правіла, проціпастаўялецца наша «маладая дэмакратыя» (раней казалі – савецкая, потым у Крамлі вынайшлі яшчэ адзін тэрмін – «сувэрэнная») амэрыканскай. Амэрыка, ясная справа, краіна «падвойных стандартаў», «ілжэдэмакратыі» ды ўяўнай свабоды слова. Як у старым савецкім анэкдоце пра Кісынджэра й Грамыку: на ўсе абвінавачаньні міністар замежных справаў СССР адказвў: «А ў вас неграў лінчуюць…)

Для таго, каб адчуць розьніцу паміж стандартамі, якія пануюць у ЗША і ў Беларусі, альбо ў Расеі, дастаткова параўнаць прэзыдэнцкія выбары там і тут. Колькі было безапэляцыйных заяваў і глыбокай іроніі расейскіх і беларускіх «палітолягаў» наконт кандыдатуры Маккейна: яму, маўляў, даўно трэба выйсьці ў тыраж, яму нічога ня сьвеціць, ніякіх шанцаў і г.д. Асабліва не cпадабалася аўтарам «прагнозаў» фраза Маккэйна, што ў вачах Пуціна ён прачытаў усяго тры літары: K.G.B. (Іранічны перыфраз вядомай фразы Буша пра тое, што ў вачах Пуціна ён убачыў душу.) Як жа такі чалавек можна ўзначаліць ЗША?

З гэткай жа апэляцыйнасьцю даводзілася, што будучым прэзыдэнтам стане Гілары Клінтан. Але напярэдадні «супэр-пупэр-аўторка” 5 лютага ніхто з сур’ёзных амэрыканскіх палітаглядальнікаў ці сацыёлягаў не сьпяшаўся назваць яўных фаварытаў “праймэрыз” -- ні ў рэспубліканцаў, ні ў дэмакратаў. Усё канчаткова можа вырашыцца толькі падчас іх зьездаў. А пасьля – 4 лістапада 2008 году, у дзень выбараў. І нічога, такая няпэўнасьць, адсутнасьць “пераемніка” не адбвіваецца на жыцьці краіны. Фінансавы крызіс мог бы адбыцца пры любым прэзыдэнце ЗША. А рашэньне зьнізіць падаткі для ўсіх амэрыканскіх прадпрымальнікаў яўна не стасуецца з практыкай “бізуна” ў вырашэньні эканамічных пытаньняў у Беларусі.

Мара пра зьнікальнік

Відавочна, паўтаруся, што для беларускага грамадзтва панятак свабоды слова, як і ўвогуле любой іншай свабоды пакуль што мала што значыць. Спадар Сіліцкі ў сваім нядаўнім артыкуле параўнаў грамадзтва РБ на сучасным этапе з гарэзьлівай дзяўчынай-падлеткам, патрэбы якой растуць і якая пачынае ўжо праз гэта ня слухацца таты. Вобраз прыгожы, але, як на маю думку, пакуль далёкі ад рэчаіснасьці. Калі ўжо карыстацца полаваўзроставымі катэгорыямі, дык наша грамадзтва, хутчэй, нагадвае маленькае дзіця (гадоў гэтак 7-8), якому прыйшоў час раніцой уставаць, каб ісьці ў школу. Дарослыя спрабуюць яго раскатурхаць, але ён з усіх сілаў сьціскае павекі, удаючы, што моцна сьпіць.

У амэрыканскага фантаста Генры Катнэра ёсьць сэрыя апавяданьняў пра Гогбэнаў – радзіну мутантаў. Малодшы Гогбэн аднойчы вынайшаў цацку – чароўную прыладу , якую наваў “зьнікальнікам”. Навядзеш такі зьнікальнік на чалавека, які табе не падабаецца, ці прадмет – і вось ён ужо зьнік бязь следу. Дзіцячую мару займець такі прыбор, відаць, захавалася ў душы шмат каго з дарослых. Асабліва, сярод высокіх чыноўнікаў. Сапраўды – чым кепска: навёў прыбор на Марачкіна ці Зьдзвіжкова, ці яшчэ на каго-небудзь, а іх ужо няма. А няма чалавека – няма праблем, як вядома.

Хвароба інфантылізму для грамадзтва небясьпечная, бо лечыцца выключна радыкальнымі сродкамі. Якія могуць быць яшчэ горшымі за хваробу. Ніводнаму нармальнаму чалавеку не хацелася б для сваёй краіны рэвалюцыі ці хаця б эканамічнага і палітычнага крызісу. А яны рана ці позна становяцца непазьбежнымі, калі не глядзець на сьвет шырока расплюшчанымі вачыма. (Eyes Wide Shut – гэта хай застаецца ў гісторыі кіно.)

Ясна, што грамадзтву ў цэлым цяжка гэта ўсьвядоміць. Ну, а што ж наша інтэлектуальная эліта – пісьменьнікі, мастакі, навукоўцы? Гэта ўжо зусім іншая гісторыя... Але, выглядае, ня менш сумная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?