Чуткі спраўдзіліся: Лукашэнка і Пуцін сустрэліся ў Сочы. Калі болей дакладна, то расклад быў "трое на аднаго".

© РИА Новости

Паводле прэсавай службы беларускага кіраўніка, сустрэча 3 лютага ёсьць "лягічным працягам кантактаў у межах дамоўленасьцяў, дасягнутых у сьнежні 2007 году ў Менску". Пікантнасьць жа ў тым, што аналітыкі дасюль гадаюць, пра што два прэзыдэнты насамрэч дамовіліся тады. І чаму Пуцін у выніку выглядаў шчодрым, як сьвяты Мікалай (крэдыт на паўтара мільярды даляраў на льготных умовах, газ па 119 даляраў на першы квартал сёлета і г.д.).

Што мог паабяцаць у сьнежні беларускі бок? Вэер вэрсыяў — ад зялёнай вуліцы расейскаму капіталу (і ён ужо прэ, асабліва ў банкаўскую сфэру) да аб'яднальнага рэфэрэндуму.

Аўтар гэтых радкоў далёкі ад думкі, што айчыннае начальства ну проста сьпіць ды бачыць, як спрытней "здаць краіну". Але самае прыкрае тое, што ніводзін варыянт разьвіцьця падзей, уключна з самым незайздросным для лёсу незалежнасьці, ня можа быць выключаны. Няма празрыстасьці ў стасунках з Крамлём (рытуальным заклінаньням даўно ніхто не дае веры), няма гарантыяў нашага сувэрэнітэту (думаеце, калі што, Захад касьцьмі ляжа?), няма мэханізму грамадзкага кантролю над дзеяньнямі кіроўнае вярхоўкі (палітычнае поле ў краіне проста выпаленае).

Між тым Беларусь па-ранейшаму трывала сядзіць на йголцы нафтагазавай залежнасьці (мэнзурка "чорнага золата" з даліны Арынока можа разглядацца хіба што як музэйная каштоўнасьць). Калі замову на АЭС аддадуць "Атамбудэкспарту", то энэргетычная (а значыць і палітычная) залежнасьць ад Масквы толькі ўзмоцніцца. І тады наступнік Пуціна Мядзьведзеў элемэнтарна даб'е "беларускае пытаньне" паводле даўно напісанага ў Крамлі сцэнару.

 www.vesti.ru

Дарэчы, гэтым разам у Сочы Лукашэнка меў гутарку зь Мядзьведзевым аж двойчы. Спачатку, нібыта між іншым сутыкнуўшыся ў гарналыжным цэнтры, яны абмеркавалі, як прагучала па НТВ, "асаблівасьці сочынскіх трасаў". А потым гэтак сама "між іншым" будучы гаспадар Крамля зазірнуў на агеньчык у "Бачараў ручай", дзе вялі гутарку два дзейныя прэзыдэнты. Звыш таго, завітаў і прэм'ер Зубкоў. Як дасьціпна зазначыў аглядальнік Аляксандар Зайцаў, "трое на аднаго, канешне, несумленна, але, можна меркаваць, вельмі эфэктыўна".

На думку расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава, "перад Лукашэнкам было пастаўлена пытаньне – зь кім ён? Альбо ён далей разьвівае інтэграцыйны праект, альбо ён займаецца сваёй дзяржавай і ніякіх адносінаў да Расеі ня мае. Сытуацыя павінна быць вырашаная, тым больш напярэдадні прыходу да ўлады новай эліты".

Для прэсы ж Пуцін на той сустрэчы гучна парадаваўся нябачанаму двухбаковаму таваразвароту — 25 мільярдаў даляраў (калі болей дакладна, то нават 26 з гакам). Нам жа тут хутчэй плакаць варта, бо менавіта ў гандлі з Расеяй маем катастрафічнае адмоўнае сальда — аж 8,3 мільярду! Лукашэнка ў гэтым кантэксьце стрымана зазначыў, што нам яшчэ "трохі пашэнціла, цэны на харчаваньне падскочылі". Маўляў, нашы сельгасвытворцы на гэтым падзарабілі. Зноў жа невядома, радавацца ці плакаць, бо родны ўрад пад маркай выраўноўваньня прадуктовых цэнаў з суседзкімі борзьдзенька ўздымае кошт харчоў у нашых крамах.

Яшчэ з канкрэтыкі: беларускі кіраўнік сьціпла папрасіў, каб нашым адмыслоўцам далі магчымасьць пабудаваць у тых мясьцінах хоць адзін з 70 алімпійскіх аб'ектаў. Маўляў, створым тут вам "куток Беларусі".

Што ж, зарабіць на выгаднай будоўлі не зашкодзіць. Адно што точыць трывога: каб да той Алімпіяды з самой Беларусі не зрабілі "куток Расеі".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?